Памежнікі зафіксавалі 300 выпадкаў пашкоджання плоту на літоўска-беларускай мяжы


Паводле інфармацыі міністра ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце, зафіксавана каля 300 выпадкаў пашкоджання плота, які ўсталяваны на мяжы з Беларуссю. Пра гэта яна паведаміла на паседжанне Дзяржаўнай Рады Літвы, дзе абмяркоўвалася сітуацыя на літоўска-беларускай мяжы, піша «Delfi».

Будаўніцтва 500-кіламетровага плоту з калючым дротам на літоўска-беларускай мяжы было завершанае напрыканцы ліпеня 2022 году. З таго часу памежнікі зафіксавалі каля 300 выпадкаў пашкоджання агароджы. Толькі ў верасні іх было 120. Па звестках літоўскіх памежнікаў, шкодзяць агароджу і беларускія службовыя асобы з таго боку – каб дапамагчы мігрантам нелегальна перайсці мяжу з Еўразвязам.

Дарадца прэзідэнта Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што спосабы перадухілення такой дзейнасці шукаюцца і будуць знойдзеныя, а ў выпадку неабходнасці могуць ужывацца і фізічныя метады.

«Мы не бяссільныя, і калі мы недзе няздольныя перадухіліць, мы павінны знайсці магчымасці і спосабы, каб гэта спыніць, таму што гэта пытанне нацыянальнай годнасці і нацыянальнай бяспекі», – цытуе словы дарадцы прэзідэнта «Delfi».

Літва ўсталявала агароджу з калючым дротам на мяжы з Беларуссю, каб абараніць сябе ад патоку нелегальнай міграцыі. Па словах афіцыйных асобаў, нелегальная міграцыя арганізаваная менскім рэжымам і расцэньваецца як гібрыдная атака супраць Літвы.

У сваю чаргу, біць трывогу пачынае і Польшча. Паводле звестак выдання Gazeta Wyborcza, на мяжы Польшчы з Беларуссю знаходзяцца каля 800 нелегальных мігрантаў, якіх супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў не пускаюць вярнуцца ў Менск. Ужо каля 10 дзён яны качуюць уздоўж мяжы без вады і ежы, просячы дапамогі ў палякаў.

Hавiны
З якімі перашкодамі расейцы трапляюць у Літву паветрам і па зямлі
2022.09.27 15:19

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў