Чацвёрты год запар бюджэт Беларусі будзе дэфіцытным


Міністр фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў паведаміў, што праект дзяржаўнага бюджэту на наступны год прадугледжвае дэфіцыт у памеры 3-4 мільярдаў рублёў. Такую заяву чыноўнік зрабіў перад пасяджэннем прэзідыуму Саўміну, перадае «БелТА».

Селіверстаў паскардзіўся, што «нашыя кан’юнктурныя даходы – калій і нафта – не аднаўляюцца». Таму будзе «пэўны дэфіцыт» бюджэту, але рэсурсы для фінансавання расходаў ёсць, запэўніў міністр. Дакладную лічбу ён не назваў, сказаўшы толькі, што папярэдне дэфіцыт будзе паміж 3 і 4 мільярдамі рублёў.

Пры дэфіцытным бюджэце расходы перавышаюць даходы. У 2020 годзе дэфіцыт склаў 1 мільярд 900 мільёнаў, у 2021-м – 600 мільёнаў, за дзевяць месяцаў сёлета – 2 мільярды 300 мільёнаў рублёў.

Міністр паабяцаў пры гэтым, што «сацыяльная сфера не будзе абдзеленая». «Ёсць заданне па росце аплаты працы. Пакуль папярэдне можна сказаць, што парадку Br3 млрд на фонд аплаты працы будзе дададзена. З іх бюджэтнікам (без дзяржслужачых і вайскоўцаў) – больш за Br2 млрд. Гэта дазволіць дзесьці на 10% павялічыць базавую стаўку і яшчэ дадаткова прадугледжваць сродкі на мэтавыя выплаты. Па нашых папярэдніх прагнозах, мэтавыя выплаты, надбаўкі прырастуць дзесьці напалову», – сказаў Юрый Селіверстаў.

На пасяджэнні ўраду прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка паведаміў, што ў наступным годзе плануецца павелічэнне ВУП на 3,8%.  Прамысловая вытворчасць, па яго словах, павінна павялічыцца на 2, 4% і «забяспечыць выхад на максімальныя аб’ёмы выпуску прамысловай прадукцыі за апошнія 10 гадоў». Ва ўрадзе разлічваюць, што інвестыцыі ў 2023 годзе дасягнуць  ўзроўню 20% да ВУП.

Як распавёў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў, запланаваны рост ВУП «забяспечыць прырост даходаў насельніцтва больш чым на 4%». «Плануем таксама пабудаваць звыш 4, 3 млн кв.м жылля, прычым 1, 2 млн кв. м – з дзяржаўнай падтрымкай», – дадаў ён.

У 2020 годзе валавы ўнутраны прадукт знізіўся на 0,9%, у 2021-м – вырас на 2,3%, а за восем месяцаў сёлета абрынуўся на 4,9%.

На сённяшнім пасяджэнні абмяркоўваўся не толькі праект бюджэту на наступны год, але і прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця, асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі і змены ў Падатковы кодэкс.

Hавiны
У студзені – жніўні ВУП Беларусі ўпаў на 4,9 %. На якіх кірунках відаць падзенне?
2022.09.16 19:25

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў