Урбановіча і Трыгубава падазраюць у масавых беспарадках, Мацкойця – у крадзяжы тэлефона, расказаў «Белсату» іхны знаёмы.
Лідара «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча, актыўнага сябру і прэс-сакратара «Маладога фронту» Віталя Трыгубава і актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Сяргея Мацкойця затрымалі 26 жніўня ў Ветцы, расказаў «Белсату» іхны знаёмы. У іншых крыніцах пра гэта не паведамлялі.
Урбановіч і Мацкойць у канцы ліпеня выйшлі на волю пасля 20 дзён арышту ды распавялі пра бесчалавечныя ўмовы ўтрымання ў ізалятары на Акрэсціна. Трыгубаў у канцы чэрвеня выйшаў на волю пасля 30 содняў.
Паводле крыніцы, па вызваленні Урбановіча супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі патрабавалі, каб ён распусціў «Малады фронт», пагражалі крымінальнаю справаю.
Як расказалі затрыманыя свайму знаёмаму, яны прыехалі ў Ветку з Гомля, 26 жніўня зайшлі ў кавярню, туды пад’ехалі чатыры машыны сілавікоў, выклікалі дадатковы нарад міліцыі. Сілавікі адвялі маладзёнаў у пастарунак, Мацкойця адвялі асобна, бо ён нібыта быў у вышуку ў Менску.
Паводле суразмоўцы, Урбановіча і Трыгубава сілавікі пасялілі ў гатэль у Ветцы за кошт самых актывістаў, праз некалькі гадзінаў забралі іх адтуль, адвезлі ў Мазыр і пасялілі ў іншы гатэль. Іх там не затрымлівалі, яны маглі тэлефанаваць знаёмым, але супрацоўнікі КДБ «хадзілі следам». Урэшце іх затрымалі, павялі ў Следчы камітэт, далі дзяжурнага адваката.
Следчы з Мазыра паведаміў сваякам Урбановіча, што Дзяніса падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мазыры ў жніўні 2020 года. Знаёмы актывіста сцвярджае, што Урбановіч у той час быў у Лагойску.
Супраць Мацкойця ўчынілі правакацыю, кажа ягоны знаёмы. Сяргей расказваў, што пазычыў іншаму чалавеку грошы, а той пакінуў у заклад мабільны тэлефон і напісаў заяву ў міліцыю аб крадзяжы.
Пакуль Мацкойць быў у ізалятары, ягоную кватэру ўзламалі, «маглі падкінуць што заўгодна». Калі Сяргей вярнуўся ў кватэру, пабачыў на дзвярах паперку ад імя ўчастковага з прапановаю добраахвотна здацца: яго вінавацяць у крадзяжы (арт. 205 КК РБ) і ў нечым, што звязанае з наркотыкамі (арт. 328 КК РБ).
Мацкойць ніколі не быў заўважаны ні ў крадзяжы, ні ва ўжыванні наркотыкаў, падкрэслівае ягоны знаёмы. Артыкул пра наркотыкі яму цяпер не закідаюць.
У Мацкойця таксама збіраюцца адабраць кватэру. Трохпакаёўка ў Менску засталася ад бацькоў, але не была прыватызаваная. За апошні год Мацкойць не меў сталай працы і не плаціў за тую кватэру. Цяпер яго «збіраюцца зрабіць бясхатнікам», непакоіцца ягоны знаёмы.
АА belsat.eu