«Ад дажджу дзеці хаваюцца ў пакетах для смецця». Як жывуць іракцы на мяжы Беларусі і Латвіі


Беларускі журналіст Антон Трафімовіч паразмаўляў па тэлефоне з мігрантамі з Іраку, якія жывуць на мяжы Беларусі і Латвіі. Іракцы распавялі, што хацелі праз Беларусь вярнуцца на радзіму, але беларускія памежнікі вярнулі іх на мяжу.

«41 чалавек. Ад дажджу яны хаваюцца ў пакетах для смецця. І паляць вогнішча бясконца. Яны спрабавалі ўцячы назад у Менск, каб эвакуявацца ў Ірак. Але з вёскі, дзе яны хацелі выклікаць таксоўку, беларускія памежнікі вярнулі іх назад да мяжы» – напісаў Антон Трафімовіч на сваёй старонцы ў Facebook.

Сайт Інстытуту асвятлення вайны і міру дае размову Антона з іракцамі больш падрабязна.

19-гадовы Рава Ясэн з гораду Эбрыл на поўначы Іраку разам з бацькамі жыве ў лесе паміж Беларуссю і Латвіяй ужо тыдзень.

«Мы спім на зямлі ў лесе, – распавядае Ясэн. – Тут так халодна, што вогнішча не дапамагае. Калі пачынаецца дождж, мы нічога не можам зрабіць, мы проста чакаем, калі ён скончыцца. Дзеці апранаюць пакеты для смецця падчас дажджу. Яны хварэюць».

Hавiны
Літва і Латвія працягнулі разварочваць мігрантаў з Беларусі. Некаторыя спрабуюць прайсці зноў
2021.08.16 11:34

Ясэн распавёў, што ён разам з бацькамі і сябрамі прыляцеў Менск у пачатку жніўня «у пошуках лепшага жыцця». Пра магчымасць трапіць у Еўразвяз праз Беларусь Ясэн даведаўся з абвестак у сацыяльных сетках.

У складзе групы з 26 чалавек сям’ю Ясэна ноччу адвезлі на мяжу і сказалі, што праз гадзіну пехатой яны перасякуць мяжу з Латвіяй. Але маладзён кажа, што яны ішлі шэсць гадзінаў, а потым іх затрымалі латвійскія памежнікі і прымусілі вяртацца ў Беларусь.

Аб’ектыў
Суседзі агароджваюцца ад Беларусі
2021.08.25 23:03

Калі мігранты прыйшлі ў бліжэйшую беларускую вёску, кажа Ясэн, мясцовыя жыхары паклікалі памежнікаў. Тыя ў сваю чаргу суправадзілі іх зноў на мяжу з Латвіяй. Так паўтаралася пяць разоў. Іракцы часам праходзілі па 20 кіламетраў за дзень, блукаючы ў памежных ваколіцах. Яны сустрэлі яшчэ адну групу з 15 іракцаў, і цяпер 41 чалавек жыве на мяжы Беларусі і Латвіі.

«Мы знаходзімся паміж Латвіяй і Беларуссю дзесяць дзён, – кажа Ясэн. – Памежнікі часам б’юць нас і не пускаюць. Яны кажуць, што не могуць нам дапамагчы».

Hавiны
Прэзідэнт Латвіі падказаў мігрантам: «Можаце прасіць прытулку ў Беларусі»
2021.08.14 09:37

Некаторыя паспрабавалі вярнуцца ў Менск, каб ляцець назад у Ірак, аднак беларускія памежнікі не пусцілі іх, сказаўшы, што іхныя пашпарты несапраўдныя.

«Аднойчы мы пайшлі ў беларускую вёску і хацелі ўзяць таксі і паехаць у Менск. Але беларускія памежнікі зноў вярнулі нас на мяжу, – распавёў Ясэн. – Мы можам паехаць куды заўгодна. Ірак, Латвія, Беларусь, Еўропа. У любое месца, каб жыць. Я спадзяюся, нехта мае сэрца і чалавечнасць, каб спыніць тое, што адбываецца».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў