Украіна не будзе байкатаваць спаборніцтваў, на якіх беларусы і расейцы выступаюць у нейтральным статусе


Міністэрства моладзі і спорту Украіны змяніла тэкст загаду аб забароне ўдзелу ўкраінскіх спартоўцаў у спаборніцтвах, на якіх прысутнічаюць беларусы і расейцы. Адпаведны загад апублікаваны на афіцыйным сайце Міністэрства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спартоўцы нясуць нейтральны сцяг Алімпійскіх гульняў. Крыніца: championat.com

Цяпер удзел для ўкраінцаў забаронены толькі ў спаборніцтвах, дзе беларусы і расейцы выступаюць «пад сваймі нацыянальнымі сцягамі, і/або выкарыстоўваюць нацыянальную сімволіку, і/або сваімі публічнымі дзеяннямі або заявамі выказваюць прыналежнасць да Расеі ці Беларусі».

Праз гэтыя змены цяпер дазволены ўдзел украінскіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах, дзе выступаюць атлеты з Беларусі ці Расеі ў нейтральным статусе.

Колькі дзён таму аб магчымай змене загаду аб забароне спаборнічаць казаў міністр моладзі і спорту Вадзім Гутцайт. Ён адзначаў, што гэта можа адбыцца пасля таго, як Расею і Беларусь не запросяць на Алімпіяду-2024 у статусе краінаў. Учора МАК разаслаў больш за 200 краінам запрашэнні ва ўдзеле ў Алімпійскіх гульнях, акрамя Беларусі, Расеі і Гватэмалы. Аднак гэта не канчатковае рашэнне: у кастрычніку МАК прыме пастанову, ці дапусціць беларусаў і расейцаў да ўдзелу ў гульнях пад нейтральным сцягам.

Загад Міністэрства моладзі і спорту Украіны быў апублікаваны 13 красавіка 2023 года. У ім адзначалася, што ўкраінцы не могуць супернічаць на міжнародных стартах, дзе прысутнічаюць атлеты з Расеі або Беларусі ў якім-небудзь статусе.

Праз гэтую забарону Украіна прапусціла чэмпіянат свету па дзюдо і некалькі кваліфікацыйных стартаў да Алімпіяды-2024, чэмпіянат Еўропы па фехтаванні і старты па дужанні, спаборніцтвы па шахматах, паведамляе ўкраінскі партал informator.ua.

Нагадаем: сёлета ў сакавіку МАК рэкамендаваў міжнародным федэрацыям вярнуць расейцаў і беларусаў у нейтральным статусе, Украіна адрэагавала загадам аб байкоце.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў