Анджэй Пачобут ізноў не выйшаў на свабоду пасля заканчэння тэрміну ўтрымання пад вартаю


Палітычны вязень, журналіст і сябра Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут не выйшаў на свабоду пасля заканчэння тэрміну ўтрымання пад вартаю. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Аксана Пачобут.

Анджэй Пачобут.
Фота: Анджей Почобут/Facebook

Пазаўчора, 25 ліпеня, скончылася папярэдняе падаўжэнне ўтрымання пад вартаю Анджэя Пачобута, але ён па-ранейшаму ў турме.

«Відавочна, мужу зноў працягнулі варту. Увесь гэты час ён жыве ў чатырох сценах. 16 месяцаў!!! За гэты час наш сын перагнаў па росце бабулю з дзядулем. З сынам не дазволеная перапіска, бо Андрэй з ягонага нараджэння размаўляе з ім на польскай мове. Ён піша скаргі, якія адміністрацыя нават не выпускае з СІЗА», – паведамляе Аксана.

Паводле жонкі, у лістах палітычны вязень піша, што не сумуе, чытае кнігі і гатовы да горшага развіцця падзеяў: «Перадае прывітанне ўсім знаёмым і незнаёмым асабіста людзям і дзякуе ўсім, хто, не гледзячы ні на што, працягвае пісаць».

Артыкулы
«Я не магу прасіць аб памілаванні, бо сын ні ў чым не вінаваты». Як бацькі Анджэя Пачобута чакаюць яго на волі
2021.06.23 20:05

За грамадска-палітычную і журналісцкую дзейнасць Анджэя Пачобута неаднаразова затрымлівалі, каралі штрафамі, арыштамі. Апошні раз журналіста затрымалі 25 сакавіка 2021 года ва ўласным доме ў Горадні пасля ператрусу. З таго часу застаецца ў зняволенні. Пачобута вінавацяць паводле арт. 130 КК РБ – «Распальванне варожасці». Ужо больш за год ён і затрыманая паводле той жа справы Анджэліка Борыс застаюцца сімваламі рэпрэсіяў супраць палякаў з боку беларускага рэжыму.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў