Суддзя Маскоўскага раёну Берасця Яўген Брэган 9 чэрвеня прысудзіў 46-гадовай маці дваіх непаўналетніх дзяцей 2 гады калоніі.
27 ліпеня суддзя Берасцейскага абласнога суда Святлана Крэмянеўская пакінула без зменаў прысуд Паліне Шарэндзе-Панасюк.
Паліна была захопленая сілавікамі ва ўласнай кватэры 3 студзеня, з таго часу жанчына застаецца ў зняволенні і не бачыла сваіх дзяцей.
Шарэнду-Панасюк абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 КК РБ («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).
Сваёй віны жанчына не прызнае і лічыць сябе захопленай у палон. Шарэнду-Панасюк нядаўна ўганаравалі ўкраінскім крыжам «За годнасць у палоне».
Бліжэйшым часам Паліна будзе этапаваная ў гомельскую жаночую калонію.
Мужа Паліны – Андрэя Шарэнду – таксама планавалі судзіць паводле палітычных артыкулаў. Яго, як і Паліну, прызналі палітвязнем. Аднак ён здолеў збегчы за мяжу.
АА belsat.eu