«Самы страшны прыхільнік прыроды». Лукашэнка сказаў, хацеў бы ўзначаліць партыю «Зялёныя»


Старшыня партыі тлумачыць, што тады Лукашэнку давялося б радыкальна змяніць погляды.

Аляксандр Лукашэнка на суботніку. «Лінія Сталіна», Беларусь. 20 красавіка 2019 года.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 27 ліпеня сустрэўся з кіраўніцтвам расейскага Курчатаўскага інстытуту – даследчым цэнтрам, які займаецца ядзернай энергетыкай, гісторыя якога пачалася з распрацоўкі ядзернай зброі.

На сустрэчы Лукашэнка раптоўна заявіў:

«Мне кажуць, Лукашэнка там вось гісторык, аграрый і іншае. Ніякі я не гісторык і не аграрый. Я самы страшны прыхільнік прыроды. Вось калі б трэба было нейкую партыю ўзначаліць на Захадзе, у Расеі, у нас-та не, партыю «Зялёных» я б узначаліў. Шчыра. Якая абараняе прыроду».

Чаму «ў нас-та не», на відэа з сустрэчы няма тлумачэння.

Аляксандр Лукашэнка ўваходзіў у Камуністычную партыю Савецкага Саюзу ў 1979–1991 гадах, кароткі час уваходзіў у фракцыю «Камуністы за дэмакратыю», але з 1992 года лічыцца беспартыйным. З 2007 года існуе праўладнае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь», якое з 2011-га збіраецца зрабіцца палітычнай партыяй, але ўсё не становіцца.

Што пра гэта думае чалавек, які цяпер узначальвае партыю «Зялёныя»

У 1994 годзе была заснаваная беларуская партыя «Зялёныя» – яна дагэтуль працягвае дзейнасць, гэта адна з нешматлікіх зарэгістраваных апазіцыйных партыяў. Яе са студзеня 2020 года ўзначальвае Дзмітрый Кучук. Праўда, ён быў не прызначаны ўладамі на гэтую пасаду, а выбраны на з’ездзе партыі, у якую ўваходзіў з 2008 года.

Дзмітрый Кучук, кіраўнік партыі «Зялёныя». Менск, Беларусь. 24 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Кучук кажа «Белсату», што калі Лукашэнка сапраўды стаў бы лідарам партыі «Зялёныя», яму давялося б бараніць не толькі прыроду, але і «быць не дыктатарам, якім яго прызнаюць ва ўсёй Еўропе, а станавіцца дэмакратам». Гэта значыць у тым ліку, напрыклад, бараніць правы ЛГБТ-супольнасці.

««Зялёныя» ніколі не змогуць выстаўляць або трываць у сваіх шэрагах людзей, якія прымаюць рашэнні недэмакратычным шляхам».

Што да абароны прыроды, кажа Кучук, то цяпер у Беларусі багата экалагічных праблемаў, рашэннем якіх улады і асабіста Лукашэнка не займаюцца – напрыклад, проста цяпер трывае актыўнае высяканне лясоў, а лесанарыхтоўкі кантралюе Ўпраўленне справамі прэзідэнта.

Аб’ектыў
«Аб’ёмы павялічыліся ў чатыры разы». Ці законна высякаюць лес?
2021.07.05 23:26

У будаўніцтве і эксплуатацыі акумулятарнага заводу ў Берасці, супраць якога мясцовыя жыхары пратэставалі тры гады, удзельнічаюць набліжаныя да Лукашэнкі людзі – Кучук кажа, відавочна, што без удзелу самога Лукашэнкі не абышлося.

Таксама «Зялёныя» заўжды стаялі на антыядзерных пазіцыях, а Лукашэнка ж падпісаў указ аб будаўніцтве ў Беларусі атамнай электрастанцыі.

Тое, што Лукашэнка гэта «зялёны палітык», Кучук лічыць смешным:

«Я лічу, гэта нейкі фэйк, нейкі папулізм з боку Лукашэнкі, – разважае Кучук пра выказванне Лукашэнкі. – Яму трэба разбірацца ў каштоўнасцях «Зялёных», якія стаяць на нягвалце, на экалагічнай мудрасці, на базавай дэмакратыі, а не казаць нейкія папулісцкія рэчы. Гэта недапушчальна для такога палітыка з такім досведам – не разбірацца ў палітычнай сістэме, у ідэалогіі розных палітычных партыяў».

Аналітыка
Што будзе з палітычнымі партыямі ў Беларусі? Ад БНФ да партыі Бабарыкі і партыяў Васкрасенскага
2021.06.30 08:37

АА belsat.eu

Стужка навінаў