«Якасная рэканструкцыя – найлепшая лекцыя па гісторыі». Пад Бабруйскам аднавілі падзеі вызвалення Беларусі


Ваенна-гістарычныя клубы з Беларусі, Расеі і Чэхіі каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне 27 чэрвеня паказалі маштабную рэканструкцыю «Бабруйскага катла» – часткі вызваленчай аперацыі «Багратыён».

Каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне 27 чэрвеня паказалі першую рэканструкцыю «Бабруйскага катла».
Фота: Белсат

Каронавірус перашкодзіў зрабіць рэканструкцыю больш маштабнай

«Бабруйскі кацёл» – стратэгічная вайсковая аперацыя Чырвонай арміі СССР супраць нямецкіх войскаў, якая разгарнулася ў Бабруйскім раёне з 24 па 29 чэрвеня 1944 года, частка Беларускай аперацыі «Багратыён». Галоўныя падзеі «Бабруйскага катла» адбываліся ў вёсцы Шчаткава ў пяці кіламетрах ад Бабруйску, на беразе ракі Бярэзіна.

Каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне 27 чэрвеня паказалі першую рэканструкцыю «Бабруйскага катла».
Фота: Белсат

Вызваленчую аперацыю рэканструявалі на Бабруйшчыне ўпершыню. Удзельнікі паказалі, што адбывалася на правым беразе Бярэзіны 28-29 чэрвеня 1944 года. Як распавялі рэканструктары, аднаўлялі не нейкую канкрэтную падзею, а агульны сюжэт паводле гістарычных фактаў і ўспамінаў пра тыя дні.

Рэканструкцыю ладзілі ваенна-гістарычныя клубы Беларусі, Расеі, прыехалі таксама ўдзельнікі з Чэхіі. Як распавёў прадстаўнік Бабруйскага райвыканкаму, з-за каронавірусу шмат якія клубы не змаглі даехаць – з Масквы, з Украіны.

Каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне 27 чэрвеня паказалі першую рэканструкцыю «Бабруйскага катла».
Фота: Белсат

«Бабруйскі кацёл» – люстраны адбітак таго, што армія Вермахту рабіла ў 1941 годзе»

«Бабруйскі кацёл» меў стратэгічнае значэнне як частка аперацыі «Багратыён», бо дзякуючы перамозе пад Бабруйскам 28-29 чэрвеня Чырвоная армія хутка дайшла да Менску і ўжо 3 ліпеня вызваліла сталіцу, кажа гісторык Ігар Мельнікаў. Ён правёў дзяцінства ў Бабруйску і лічыць гэты горад родным.

Каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне 27 чэрвеня паказалі першую рэканструкцыю «Бабруйскага катла».
Фота: Белсат

– «Бабруйскі кацёл» стаў люстраным адбіткам таго, што немцы зрабілі з савецкай арміяй у 1941 годзе, – зазначае гісторык. – У 1944 годзе савецкія войскі пісьменна ўзялі ў атачэнне нямецкія войскі – 9 армію Вермахту – і метадычна разбівалі яе і знішчалі скупнасць іхнай тэхнікі з дапамогай авіяцыі. Па сутнасці, савецкія войскі тады паўтарылі тое, што рабіла нямецкая армія ў тых жа чыслах чэрвеня ў 1941 годзе.

Каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне 27 чэрвеня паказалі першую рэканструкцыю «Бабруйскага катла».
Фота: Белсат

Адным з галоўных дасягненняў аперацыі Ігар Мельнікаў называе тое, што «быў узяты» генерал Адольф Гаман, які з верасня 1943 года быў камендантам Бабруйску.

– Ён удзельнічаў у вялікай колькасці вайсковых злачынстваў супраць мірнага насельніцтва Бабруйшчыны і палонных войскаў Чырвонай арміі. У 1945 годзе яго асудзілі і пакаралі смерцю ў Бранску, – кажа спадар Мельнікаў.

Каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне 27 чэрвеня паказалі першую рэканструкцыю «Бабруйскага катла».
Фота: Белсат

«Было б лагічна паказаць «уласаўцаў» і іх сімволіку – расейскі трыкалор»

Ігар Мельнікаў усцешаны, што такія значныя ваенныя падзеі, як «Бабруйскі кацёл», рэканструююць. Гісторык адзначае, што ён лічыць важным асвятленне ў такой рэканструкцыі спробы прарвацца не толькі немцаў, але таксама «уласаўцаў» – Расейскай вызваленчай арміі, якая ваявала на баку Трэцяга рэйху.

– Было б лагічна паказаць гэта, бо, па-першае, ва ўспамінах мясцовых жыхароў і ўдзельнікаў аперацыі можна сустрэць аповеды, што калі немцы прарываліся тады, то з іхнага боку чуўся адборны рускі мат, – кажа гісторык. – Гэта як раз і былі «ўласаўцы». Перад пачаткам «Багратыёну» на Бабруйшчыне іх было даволі шмат. 1 траўня 1944 года яны ладзілі ў Бабруйску парад з георгіеўскімі стужкамі, крыжамі, расейскімі трыкалорамі. А менш чым праз два месяцы былі вымушаныя бегчы.

Каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне 27 чэрвеня паказалі першую рэканструкцыю «Бабруйскага катла».
Фота: Белсат

Паводле Мельнікава, паказ «уласаўцаў» у рэканструкцыі добра ўпісаўся б і ў сённяшнюю беларускую дзяржаўную ідэалогію з яе акцэнтам на асуджэнні калабарацыянізму і расследаваннях генацыду беларусаў, якія распачалі сёлета ўлады. А «ўласаўцы» як раз знішчалі беларусаў, падкрэслівае спадар Ігар.

– «Уласаўцы» тады былі вымушаныя прарывацца, бо яны разумелі, што ў палон іх браць не будуць, а адразу знішчаць як здраднікаў, – адзначае гісторык. – Калі паказваць гэты момант, то давялося б паказаць і расейскую сімволіку – трыкалор, які выкарыстоўвалі «ўласаўцы».

Каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне 27 чэрвеня паказалі першую рэканструкцыю «Бабруйскага катла».
Фота: Белсат

Беларусы дрэнна ведаюць гісторыю Другой сусветнай вайны

Аднак у рэканструкцыі ніяк не закранулі «уласаўцаў». Гэтак жа, як цалкам абышлі факт знаходжання ў Шчаткава нямецкіх могілак, дзе пахаваныя салдаты Вермахту. Парэшткі загінулых нямецкіх воінаў звозілі на Бабруйшчыну з усёй Беларусі.

– Было б пісьменна з боку арганізатараў зладзіць экскурсію на гэтыя могілкі, але, вядома, не кветкі ўскладаць, а паказаць, што і гэта – частка нашай гісторыі, – кажа гісторык.

Каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне 27 чэрвеня паказалі першую рэканструкцыю «Бабруйскага катла».
Фота: Белсат

Ігар Мельнікаў перакананы, што рэканструяваць падзеі Другой сусветнай вайны трэба.

– Я не прыхільнік думкі, што сёння ў Беларусі зашмат вайны, бо я бачу, што веданне гісторыі ў беларусаў усцяж досыць слабое, – адзначае гісторык. – Дзеці ў школах не ведаюць, калі была першая абарона Берасцейскай крэпасці, а калі – другая, хто камандаваў беларускімі франтамі, штурмам Берліну, калі, урэшце, распачалася Вялікая айчынная вайна, а калі – Другая сусветная.

Каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне 27 чэрвеня паказалі першую рэканструкцыю «Бабруйскага катла».
Фота: Белсат

Рэканструкцыя, паводле Ігара Мельнікава, можа стаць выдатнай лекцыяй гісторыі.

– Я сам прымаў удзел у дзясятках рэканструкцыяў, і магу сказаць, што калі акцэнт робіцца на гістарычных падзеях, калі ўсё зроблена якасна, з арыгінальнай тэхнікай і касцюмамі, калі няма прапаганды і перацягвання нейкіх момантаў на нейкі бок, то гэта сапраўды найлепшая лекцыя па гісторыі, – адзначае гісторык.

Каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне 27 чэрвеня паказалі першую рэканструкцыю «Бабруйскага катла».
Фота: Белсат

У планах Бабруйскага райвыканкаму – ладзіць рэканструкцыю «Бабруйскага катла» штогод, рабіць яе больш маштабнай. Налета чакаецца, што дзякуючы падтрымцы Міністэрства абароны і ўдзелу большай колькасці ваенна-гістарычных клубаў, падзея будзе больш відовішчнай.

Каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне 27 чэрвеня паказалі першую рэканструкцыю «Бабруйскага катла».
Фота: Белсат

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў