Адзін з арганізатараў спаборніцтва па трыятлоне, дзе адбыліся затрыманні: «На жаль, гэта дадзенасць у нашай краіне»

На менскім трыятлоне 26 чэрвеня сілавікамі былі затрымана трое ўдзельнікаў мерапрыемства нібыта за тое, што яны «дэманстратыўна выкрыквалі лозунгі пратэстнага толку». «Белсат» пагаварыў аб гэтым здарэнні з адным з арганізатараў «Менскага Трыятлону-2021» Захарам Пладунавым.

Адзін з арганізатараў «Менскага Трыятлону-2021» Захар Пладунаў. Фота з асабістага архіву

«На жаль, тое, што адбылося на трыятлоне – зараз дадзенасць у нашай краіне, і мы ніяк не маглі на гэта паўплываць. Мы проста арганізоўваем мерапрыемства, а МУС ужо жыве сваім жыццём.

Такое зараз перастала быць для кагосьці навіной. І тыя затрыманні, якія адбываюцца кожны дзень, могуць быць як і на спаборніцтвах, так і проста ў краме. МУС не пытаецца ў нас дазволу, дзе ім хадзіць і што рабіць: яны робяць, што хочуць. Арганізацыя мерапрыемства і ахова парадку – гэта дзве зусім розныя рэчы. Мы на гэта ніяк не можам паўплываць».

Спаборніцтва па трыятлону «Менскі Трыятлон-2021». 26 чэрвеня 2021 года. Менск, Беларусь. Фота: tristyle.by

Па словах Захара Пладунава, спыніць мерапрыемства з-за затрымання ўдзельнікаў яны проста не мелі права:

«На спаборніцтве прысутнічала 1800 удзельнікаў з 12 краінаў, былі людзі з Камчаткі, якія выдаткавалі вялікія грошы на дарогу і гасцініцы. Гэта спаборніцтва, да якога ўдзельнікі рыхтуюцца кожны дзень на працягу года-паўтара, і мы проста не мелі права яго адмяніць.

Калі правесці апытанне, то кожны соты можа і сказаў бы, што спыніць – гэта добрае рашэнне, але астатнім удзельнікам гэта б не спадабалася. І вось тады негатыву было б вельмі шмат».

Дарэчы, сам удзел у трыятлоне каштаваў удзельнікам ад 60 да 200 беларускіх рублёў.

Спаборніцтва па трыятлону «Менскі Трыятлон-2021». 26 чэрвеня 2021 года. Менск, Беларусь. Фота: tristyle.by
Спаборніцтва па трыятлону «Менскі Трыятлон-2021». 26 чэрвеня 2021 года. Менск, Беларусь. Фота: tristyle.by

Да таго ж старт гонкі быў на Менскім моры, а фініш – на Палацы Спорту. З-за гэтага людзі расцягнуліся на 20 кіламетраў і нават тэхнічна было б складана нешта адмяніць.

Спаборніцтва па трыятлону «Менскі Трыятлон-2021». 26 чэрвеня 2021 года. Менск, Беларусь. Фота: tristyle.by

«Мы пастараліся добра правесці трыятлон, удзельнікі пакідаюць станоўчыя водгукі. Праводзячы такія мерапрыемствы мы хочам, каб людзі хоць трошкі змаглі пераключыцца ад негатыву, даём нейкую пазітыўную позву. Наогул складана выжыць, калі не рабіць чагосьці добрага. І нават у страту сабе мы стараемся ўжо чацвёрты год праводзіць такое спаборніцтва».

Спаборніцтва па трыятлону «Менскі Трыятлон-2021». 26 чэрвеня 2021 года. Менск, Беларусь. Фота: tristyle.by

Зараз арганізатары спрабуюць дапамагчы затрыманым удзельнікам. Сярод іх ёсць супрацоўнік крамы клуба менскага трыятлону, якому абяцаюць дапамагчы з выплатай штрафу.

«Канешне непрыемна, што адбываюцца такія рэчы, але мы не можам паўплываць на гэта. МУС не пытаецца ў нас, што ім рабіць і каго затрымліваць. Але і ў гэтых умовах мы спрабуем рабіць нешта, каб наша жыццё зусім не спынілася».

Спаборніцтва па трыятлону «Менскі Трыятлон-2021». 26 чэрвеня 2021 года. Менск, Беларусь. Фота: tristyle.by

Наконт затрымання ўдзельнікаў трыятлону выказалася і кіраўніца фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Герасіменя. У сваім пасце яна напісала, што ніхто так моцна не наносіць шкоду іміджу Беларусі на міжнароднай спартыўнай арэне, як самі беларускія ўлады, і адзначыла, што менавіта пра такія выпадкі фонд перасцерагаў прадстаўнікоў міжнародных спартовых федэрацый.

Па словам Герасімені, сітуацыя з затрыманнямі ўдзельнікаў падчас «Менскага Трыятлону-2021» будзе зафіксаваная Фондам спартыўнай салідарнасці і накіравана ў адпаведныя міжнародныя федэрацыі.

Раварысты, затрыманыя ўчора на спаборніцтве па трыятлоне, правялі ноч на Акрэсціна

АД, belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны