Першая скрыпка пратэстаў: Я ціхенька пачала граць «Муры», і вакол мяне колам сталі людзі ды ўзнялі сцягі


Калі вы не адразу пазнаеце, хто такая Таццяна Грыневіч, то дакладна ўзгадаеце, як на плошчы Незалежнасці цэлы месяц людзі збіраліся танчыць пад яе скрыпку і спяваць, ці як на маршах яна грала нашы ўлюбёныя песні 2020 года. А ці ведаеце вы, якую вялікую асветніцкую працу спадарыня Тацяна ладзіла да пратэстаў і працягвае цяпер?

Мы пагутарылі з Таццянай пра тое, што яна робіць цяпер, каб беларуская культура і мова працягвалі жыць, у тым ліку і за межамі Беларусі.

Фота прадстаўлена рэдакцыі

Хацела гадаваць сына па-беларуску і нарабіла дапаможнікаў

Цікаўнасць да беларускай мовы спадарыня Грыневіч адлічвае ад свайго 18-годдзя. Калі нарадзілася дзіця, Таццяна пастанавіла гадаваць яго па-беларуску і сутыкнулася з нястачай матэрыялу:

«Мы тады спеліся са Змітром Сідаровічам і давай рабіць песенькі для дзетак. Ёсць кніжка «Дзіцячы фальклор», і яе ніхто раней не пераспяваў. І мы ўзяліся за гэта», – узгадвае творца.

Першую частку закончылі ў 2010-м, потым была другая. Трэцяя частка пабачыла свет у 2020 годзе. «Не было навагодніх песенек – рабілі навагоднія, потым рабілі школьныя дапаможнікі. Я ўсё рабіла для дзіцяці, па ягоным узросце. Былі вершы, якія вучаць на памяць у школе, зрабілі такі ж дапаможнік з выразным чытаннем», – распавядае Таццяна.

Спадарыня перадала асобнік з вершамі «Няма прыгажэй ад маёй Беларусі» намесніку міністра адукацыі Віктару Якжыку. «Ён казаў, што класна, канечне, распаўсюдзім. А потым пераварочвае дыск, чытае, хто чытае вершы: Генадзь Бураўкін, Зінаіда Бандарэнка, Юрась Жыгамонт, Лявон Вольскі… І кажа: «Вы асветнікі, на вас трымаецца беларуская мова, а мы нічым не дапаможам», – узгадвае Таццяна.

Адна з сустрэч Таццяны Грыневіч і Міхася Скоблы з беларускімі школьнікамі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Тады яна з паэтам і літаратуразнаўцам Міхасём Скоблам ездзілі па школах, ладзілі сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі ls пакідалі гэтыя дыскі з дзіцячымі песнямі і вершамі. У адной школе яна даведалася, што настаўнікаў загружаюць так, што ім няма калі сачыць, што адбываецца тут і цяпер, сачыць за творчасцю ўсіх пісьменнікаў. А значыцца, трэба рабіць і дапаможнік аб сучасных паэтах.

Таццяна Грыневіч пачала запрашаць у студыю літаратараў і запісваць іхныя галасы. Так склалася, што запіс Генадзя Бураўкіна для гэтага праекту стаў апошні – праз пару месяцаў паэт захварэў і пайшоў з жыцця.

«Я зразумела, што толькі на сучасных спыняцца нельга, бо сёння мы – сучасныя, а заўтра – богавы. І я давай шукаць па архівах, з дыскаў, з касет, з вінілаў, збірала галасы. Сабрала ўрэшце 60 галасоў беларускіх паэтаў», – распавядае суразмоўца.

Гэтак жа Таццяна пачула, што не стае беларускіх рамансаў, і запісала іх: «Я знайшла працу Эльзы Зубковіч, якая эмігравала пасля вайны ў Амерыку, і тут зрабіла такі зборнік «Край мой васільковы». Я агучыла яго, і яшчэ на дыску некаторыя рамансы, якія знайшла», – падзялілася Грыневіч.

Агулам спадарыня Грыневіч зрабіла ці дапамагла запісаць і скласці 15 альбомаў.

Як з’явілася скрыпка і пачаліся танцы

Сяброўства з музычным інструментам, паводле якога цяпер часцяком пазнаюць Таццяну, пачалося з 2008 года: «Зміцер Сідаровіч мне тады казаў, што я буду ягонай скрыпачкай. І я пачала сама вучыцца граць на скрыпцы, праз 6 месяцаў мы забамбілі гурт – капэла «На таку». Гралі ў кавярні «Жар-птушка», у Ракаве, Барысе, Маладзечне, Баранавічах, у Музычным завулку ў Менску. Мы распаўсюджвалі народны танец, зацікаўлівалі ім людзей», – распавядае асветніца.

На 10-годдзе капэлы адбылася прэзентацыя дыску – дапаможнік па беларускіх народных танцах. Там ёсць навучальнае відэа з урокам, а пасля можна паставіць музыку і станцаваць. Раней дыскі з танцамі, вершамі ды іншыя дапаможнікі Грыневіч можна было набыць у галерэі «Ў» ды ў краме «Рагна». Каб пашырыць дасяжнасць, Таццяна пераносіць напрацаванае ў сеціва.

З сынам і Генадзем Бураўкіным. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Па меры з’яўлення дапаможнікаў я іх дадавала на флэшку і, ездзіўшы па школах, паўсюль іх пакідала. З некаторых школаў потым настаўнікі казалі, што развучылі танец з дзецьмі да мерапрыемства. Для мяне важна зацікавіць беларускай культурай дзяцей, настаўнікаў, каб яно жыло», – падкрэслівае Таццяна.

Ад філармоніі да шляхоў Драздовіча

У 2016 годзе Таццяна Грыневіч пайшла з менскай філармоніі, бо ейная пазіцыя не адпавядала дзяржаўнай ідэалагічнай лініі. «Мяне ўсё вадзілі ў ідэалагічны аддзел, усё я іх не задавальняла. Раз ахоўнік прыйшоў і сказаў, што на гэтых трох канцэртах мяне не будзе, каб я ішла адтуль. Гэта былі ўрадавыя канцэрты для Лукашэнкі, Пуціна. Яны прысутнічалі на мерапрыемствах, і таму мяне там не мусіла быць», – узгадвае музыка.

Гэты ціск і самастойная канцэртная дзейнасць Таццяны былі не зручныя дырыжору, і з Грыневіч развіталіся. Але жанчына нядоўга заставалася без справы. Яна ўспрыняла сітуацыю як наканаванне:

«Я вельмі зайздросціла Язэпу Драздовічу, які апошнія гады вандраваў па Шаркаўшчыне. Прыйдзе ў хату, намалюе дыван, а рана раніцай ён ішоў далей. Мне хаджэнні па вёсках так падабаліся. І я паехала шляхам Язэпа Драздовіча».

Сваё падарожжа Грыневіч ладзіла на машыне і ездзіла ад гораду да гораду, ад школы да школы і па курсах «Мова нанова»:

«Я пачала з Глыбокага, Шаркаўшчыны, дзе Драздовіч хадзіў. Аб’ехала ўсе вобласці. З танцамі, са спевамі, з гульнямі, слухалі галасы паэтаў. У Горадні было, што я прыехала ў школу, а там настрой у настаўнікаў такі панікшы, усе такія стомленыя, нібы жыцця няма. А пасля нашай сустрэчы, пасля танцаў, песень яны былі як акрыленыя. Кажуць, што думалі, што ў Беларусі ўсё заглухла, і рукі апусціліся, а цяпер будзем далей працаваць. Было, што я перадавала сваё натхненне», – распавядае Таццяна.

Фота прадстаўлена рэдакцыі

Першая скрыпка пратэсту

Сваё выбітнае месца ў гісторыі пратэстаў Таццяна заняла не стыхійна, а свядома, пабачыўшы, што людзі не ведаюць, што рабіць: «Я пабачыла, што людзі збіраюцца, стаяць і нічога не адбываецца. Не было адчування беларускага руху на плошчы. І ў адзін дзень я ўзяла скрыпку, пайшла на плошчу і ціхенька пачала граць «Муры», і вакол мяне колам сталі людзі, узнялі сцягі і зрабілі нібы сцэну. І тры гадзіны я не магла сысці, грала, спявала, мы танчылі. Карацей, кожны дзень я хадзіла на плошчу Незалежнасці як на працу і па тры гадзіны мы спявалі-танчылі. Часам да мяне нехта далучаўся, і мы музіцыравалі».

Спачатку сустрэчы былі шматлюдныя, сілавікі не перашкаджалі людзям збірацца. А потым на плошчы пачаўся ціск. «Калі яны ўключалі гукаўзмацняльнік, я карысталася сітуацыяй: «О, гэта вальс, давайце танчыць вальс». Ці факстрот. Калі перапынак, пакуль яны мянялі касету, я спявала песню ці танчылі нашае. Калі з узмацняльніка пачалі казаць, што мы парушаем закон і пагражалі затрыманнямі, шмат хто палохаўся. Мне пасля жанчыны прызнаваліся, што так іх гэты ўзмацняльнік запалохваў, што яны думалі сыходзіць, бо псіхалагічна было вельмі складана.

Гісторыі
«Мы зможам прывезці Беларусь дадому». Музыка Сяргей Доўгушаў пра ЗША, новы альбом і цяслярства
2022.05.15 08:30

А тут скрыпачка пачынае граць «Купалінку» ці галасок зацягвае, людзі падхопліваюць, пачынаюць танчыць і забываюцца на гэты страх, і застаемся на плошчы. Гэта мне казалі і сталыя жанчыны і маладзенькія дзяўчаткі. Мы трымаліся так месяц. Апошнія дні я баялася скрыпку браць з сабой. Мы з сынам дома запісалі музыку для танцаў, для гульняў. Проста з калоначкі маленькай уключалі і танчылі», – узгадвае тыя дні Таццяна.

Кадры разгону людзей на Плошчы Незалежнасці, калі сілавікі зачынілі дзверы касцёлу, абляцелі ўсе медыі. Таццяна была і ў той дзень на плошчы. Кажа, што ледзь не засталася без сваёй знакамітай скрыпкі. Пасля разгону плошчы Таццяна ладзіла выступы ў дварах. Сябра з Турэччыны настойваў, каб яна з’ехала з краіны, але тая марудзіла да апошняга, пакуль сілавікі ні пачалі хапаць музыкаў проста ў дварах: «Ужо быў набыты квіток, але я ўсё адно хадзіла на дваровыя канцэрты. Выпала і пабегаць. Трэба было так уцячы, каб не схапілі».

Артыкулы
Спяваць ці маўчаць, эміграваць ці застацца? Як цяпер жывуць беларускія музыкі
2021.08.22 12:56

Беларусь за яе межамі

Маці Таццяны забраў ковід, не было магчымасці нават развітацца. Амаль год не бачыла сына: «Ён быў у Польшчы, у мяне была віза. То я паехала да яго, і адбылося маё турнэ па Польшчы, з той жа праграмай, што была на плошчы, з пратэснымі песнямі, з танцамі, з галасамі паэтаў, дзе хацелі. То я, як Драздовіч, па Беларусі ездзіла, а цяпер выйшла на міжнародны ўзровень».

Яна перакананая, што беларускую культуру можна захаваць па-за межамі Беларусі: «Адкуль прыйшла беларуская песня? Данчык (Багдан Андрусішын) нарадзіўся ў Нью-Ёрку і спяваў песні. І «Васілёк» прыехаў, паказваў народныя танцы. Яны неслі гэтую беларускую культуру, пакуль мы спалі. Атрымліваецца, на Беларусь прыйшла культура ў тым ліку і з Амерыкі. Таму пакуль беларусы ёсць і робяць культуру за мяжой, Беларусь жыве».

Цяпер спадарыня Грыневіч вандруе па ЗША, спявае і танчыць разам з тамтэйшымі беларусамі. Шмат хто прапаноўвае ёй застацца і чакаць перамогі ў Амерыцы, але Таццяна яшчэ не вызначылася.

«Калі я бачу нішу, я намагаюся яе заняць. Зараз такая ідэя – працягваць рабіць караоке, каб людзі вучыліся спяваць беларускія песні. Я нават навучылася гэта рабіць! Яшчэ адна ідэя – знаходзіць старыя песні і запісваць іх. Таксама будзе выкладзеная ў сеціва анталогія беларускай песні – адпаведны альбом. Як хутка, не ведаю. Спяшацца не трэба, бо сусвет лепей ведае, калі што мае саспець. Я спадзяюся на сусвет», – дзеліцца бліжэйшымі падзеямі наша суразмоўца.

Да ўсяго Таццяна працягвае весці свой канал, дзе можна знайсці песні на любы густ: ад дзіцячых, калядных і навагодніх да жаўнерскіх.

Артыкулы
Маша Забара, якая першаю выйшла на пікет да МВФ: У беларусаў за мяжою няма права здавацца
2021.08.30 08:40

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў