У гарадзенскай турме працягваецца суд па справе «групы Аўтуховіча». Выданне «СБ» піша, што ў судовым паседжанні адбыўся допыт Сяргея Разановіча. Падсудны быў раней святаром, настаяцелем царквы ў аграгарадку Сцяпанкі Жабінкаўскага раёну. У залі зачыталі паказанні Разановіча аб нібыта «падрыхтоўцы акту ліквідацыі Лукашэнкі».
Сяргей Разановіч, яго жонка Любоў і сын Павал былі затрыманыя ў Берасці.
Пракуроры хадайнічалі аб абвяшчэнні паказанняў абвінавачанага, сабраных да пачатку судовага разбіральніцтва. Суд задаволіў хадайніцтва.
Такім чынам былі зачытаныя і паказанні Разановіча пра «падрыхтоўку тэрарыстычнага акту па ліквідацыі» Лукашэнкі. Нібыта пра такія планы Аўтуховіч асабіста распавядаў Разановічу.
«З мэтай звяржэння дзейнай улады неабходна здзейсніць падрыў борта самалёта №1 падчас узлёту або пасадкі. Для гэтай мэты трэба выкарыстоўваць ракету, як я зразумеў, ручны гранатамёт. Ён растлумачыў, што для гэтага патрэбны спецыяльна навучаны чалавек, які ўмее карыстацца падобнай зброяй. Таксама Аўтуховіч распавёў, што ракета каштуе дорага, але нейкі прадстаўнік з Амерыкі паабяцаў фінансавую дапамогу…», – такія паказанні агучылі ў судзе.
Пасля зачытвання гэтых паказанняў Разановіч адмовіўся ад дачы паказанняў.
«Не хачу адказваць на далейшыя пытанні», – паводле дзяржаўнага выдання прамовіў абвінавачаны пасля пачутага.
Нагадаем, што мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб)
Раман Лугоўскі belsat.eu