У Кіеве афіцыйна адкрылася новае прадстаўніцтва «Белсату»


27 красавіка ў сталіцы Украіны адбылося афіцыйнае адкрыццё прадстаўніцтва «Белсату». У падзеі ўдзельнічалі кіраўніцтва тэлеканалу, польскія дыпламаты, прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў і журналісцкай супольнасці Украіны.

Адкрыццё карэспандэнцкага пункту ў Кіеве, Украіна. 27 красавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Кіраўнік украінскага офісу «Белсат» Ілля Суздалеў адзначыў на адкрыцці, што прадстаўніцтва «Белсату» ва Украіне працуе з 2018 года. Але цяперашні офіс істотна большы за той, які быў раней.

«Гэта звязана з тым, што ў нас павялічылася колькасць журналістаў, якія працуюць у Кіеве для тэлеканалу «Белсат». А гэта ў сваю чаргу адбываецца таму, што тэлеканал «Белсат» павялічвае і колькасць перадач і агулам надае больш часу асвятленню падзеяў ва Украіне», – паведаміў ён.

Кіраўнік украінскага офісу «Белсату» Ілля Суздалеў.
Фота: Белсат
Фота: Белсат

Суздалеў адзначыў, што толькі ў Кіеве цяпер працуюць тры здымачныя групы. Таксама дастаткова шырокае кола супрацоўнікаў ёсць і ў іншых гарадах Украіны.

«Мы мусім у гэтай вайне ўдзельнічаць»

Дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы падкрэсліла вялікую важнасць рэгіянальнай інфармацыі ва ўмовах вялікай узаемазалежнасці дзяржаваў рэгіёну.

«І наша тэлебачанне павінна служыць жыхарам гэтых краін, каб даведаліся сябе ўзаемна. Гэтых ведаў вельмі часта не хапае. Часам ведаюць больш пра тое, што адбываецца ў Злучаных Штатах, чым у суседняй краіне», – сказала дырэктарка «Белсату».

Дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.
Фота: Белсат

Паводле яе, ва ўмовах інфармацыйнай вайны вельмі важная аб’ектыўная інфармацыя пра тое, што адбываецца ва Украіне, бо «інфармацыя – гэта зброя»:

«І мы мусім у гэтай вайне ўдзельнічаць. Няма іншага выйсця».

Намеснік дырэктара «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі падкрэсліў важнасць «несці інфармацыю пра падзеі ва Украіне, пра гэтую варварскую вайну, якую развязалі расейцы».

«І мы хочам быць у гэтым незалежнымі. Мы хочам мець сваіх карэспандэнтаў, сваіх аператараў паўсюль, дзе гэта толькі магчыма», – сказаў ён.

Паводле яго, гэта тым больш важна, што «ўкраінцы цяпер змагаюцца і за нас, за Беларусь». «Калі агрэсар зламае сабе зубы аб Украіне, то беларусы змогуць таксама мець надзею на тое, што абрынецца рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які падтрымліваецца Крамлём».

Намеснік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі.
Фота: Белсат

Дзікавіцкі адзначыў, што, пашыраючы сваю прысутнасць ва Украіне, «Белсат» паказвае, што з’яўляецца рэгіянальным тэлебачаннем.

Выбітная медыя-падзея

Намеснік міністра культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны Тарас Шаўчэнка адзначыў важнасць таго, каб замежныя медыі мелі свае карэспандэнцкія пункты, офісы і прадстаўніцтвы ва Украіне, «пашырылі іх і як мага больш працавалі над тым, каб пашыраць аб’ектыўную інфармацыю як на тэрыторыі Украіны, гэтак і ў суседнія тэрыторыі, што датычыць асабліва Беларусі, Расеі».

Намеснік міністра культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны Тарас Шаўчэнка.
Фота: Белсат

Першая сакратарка Нацыянальнай суполкі журналістаў Украіны Ліна Кушч назвала адкрыццё прадстаўніцтва «Белсату» «выбітнай падзеяй для медыя-рынку Украіны». Паводле яе, вельмі важна пашыраць праўду і правераную інфармацыю пра тое, што адбываецца сёння ва Украіне, для тых, хто хоча атрымліваць інфармацыю, але не хоча спажываць расейскую прапаганду.

Першы сакратар НСЖУ Ліна Кушч.
Фота: Белсат

«Таму адкрыццё прадстаўніцтва тэлеканалу «Белсат» ва Украіне мае значэнне для пашырэння гэтай інфармацыі», – сказала Кушч.

Пасол Рэспублікі Польшча ва Украіне Барташ Ціхоцкі ў сваю чаргу выказаў упэўненасць, што прадстаўніцтва «Белсату» «паслужыць вяртанню справядлівасці ва Украіну і ў гэтым рэгіёне, да вяртання праўды і свабоды слова».

Пасол Рэспублікі Польшча ва Украіне Барташ Ціхоцкі.
Фота: Белсат

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў