«Пуцін – пухліна на целе чалавецтва». Як прайшоў «Чарнобыльскі шлях» у Варшаве


Увечары 26 красавіка некалькі соцень беларусаў, украінцаў і палякаў прайшлі па Варшаве шэсцем «Чарнобыльскага шляху». Удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць ахвяраў чарнобыльскай катастрофы, выступілі супраць размяшчэння ў Беларусі ядравай зброі і заклікалі змагацца з расейскім імперыялізмам. Сімвалічным быў сам маршрут «Чарнобыльскага шляху», які ў польскай сталіцы адбыўся ўпершыню.

Шэсце «Чарнобыльскі шлях» на ўгодкі выбуху ЧАЭС. Беларусы кожны год выходзяць на шэсце, каб не забыць трагічныя падзеі красавіка 1986 і іх наступствы. Акцыя накіраваная і на тое, каб звярнуць увагу на ядравую зброю, якую Расея хоча размясціць на тэрыторыі Беларусі. Варшава, Польшча. 26 красавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Акцыя распачалася мітынгам каля помніку стваральніку геліяцэнтрычнай сістэмы Мікалаю Каперніку і скончылася каля мемарыялу ў гонар Марыі Складоўскай-Кюры, якая вынайшла радыеактыўнасць. Некалькі кіламетраў па ходніках варшаўскага Новага свету і па брукаванцы вузенькай вулачкі Фрэта – пад барабан са званочкам, ляпісаўскія «Воіны святла» ды скандаванне «Ядравай – не!» і «Лукашэнку ў аўтазак!».

«Дзве катастрофы – Чарнобыль і Лукашэнка»

«У Беларусі было насамрэч дзве катастрофы – Аляксандр Лукашэнка і Чарнобыль. І абедзве нас забіваюць», – кажа за некалькі хвілін да пачатку мітынгу на Кракаўскім прадмесці ў Варшаве наш стары знаёмы і былы палітвязень Даніла Ганчароў.

На мітынгу, які пачаўся з выканання трох гімнаў – беларускай «Пагоні», польскай мазуркі Дамброўскага і дзяржаўнага гімна Украіны, – прамаўлялі палітыкі і актывісты. Агульны лейтматыў выступаў: «Не – ядравай зброі ў Беларусі». Гэты дэвіз – чырвонымі літарамі на чорным тле – на вялікай расцяжцы, якую трымаюць людзі, апранутыя ў так званую «хімзу» («химическая защита»).

Віцэ-маршалак Сенату Польшчы Міхал Каміньскі казаў у сваёй прамове пра тое, што трагедыя ў Чарнобылі, якая здарылася 37 гадоў таму, мае прамую сувязь з сённяшнім часам, бо ў Расеі і Беларусі працягваюць кіраваць «спадкаемцы бальшавікоў», і трэба зрабіць усё магчымае, каб беларусы не сталі іх «жывымі закладнікамі».

На плакатах: «Памятаем аб наступствах трагедыі ў Чарнобылю» і «Давайце не будзем забываць урокі Чарнобылю».
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Моцныя і бескампрамісныя словы падчас выступу кажа прадстаўнік Аб’яднанага кабінету Павел Латушка. Чарнобыльскую катастрофу ён называе «падарункам ад імперыі», а Аляксандра Лукашэнку параўноўвае з генерал-губернатарам Мураўёвым-вешальнікам.

«Еўрапейскія палітыкі не разумеюць: а што змяняецца? Маўляў, Расея мела ядравую зброю – цяпер яна будзе мець яе на тэрыторыі Беларусі. Але з пункту гледжання беларусаў – змяняецца шмат што. Бо гэта пагроза стаць мішэнню. Гэта пагроза існавання нашай дзяржавы. Гэта чарговыя рускія салдаты, якія будуць таптаць нашую зямлю, гэта чарговыя палкі і дывізіі, якія прыйдуць каб задушыць беларускае паўстанне, як задушылі яго ў 1863-м і якое было задушанае генерал-губернатарам Лукашэнкам у 2020-м», – казаў Павел Латушка.

«Краіна-тэрарыст мусіць знікнуць з мапы свету»

Недзе ў 18.30 арганізатары абвяшчаюць хвіліну маўчання, каб ушанаваць памяць ахвяраў чарнобыльскай трагедыі. Хвіліна маўчання ў гэты час абвяшчаецца і на «Чарнобыльскім шляху» ў Вільні ды іншых гарадах свету. Варшаўскі аўтобус праязджае міма і рэзка сігналіць. Дзяўчына, якая стаіць побач, уздрыгвае. Яна трымае ў руках невялікі плакат з надпісам па-польску: «Памятайма аб наступствах чарнобыльскай катастрофы».

«Няма нічога больш важнага чым сёння паказаць сваю салідарнасць з беларусамі, з тымі, хто ў нашай краіне не можа свабодна сказаць: «Не ядравай зброі ў Беларусі». Але мы ведаем гэтыя лічбы: 76 % беларусаў выступаюць супраць размяшчэння ў краіне ядравай зброі. Гэта азначае, што тэма ядравай бяспекі абʼядноўвае беларусаў нашмат больш, чым пратэсты ці нават выбары», – казала падчас выступу прадстаўніца Абʼяднанага кабінету Аліна Коўшык.

На плакаце: «Чарнобыль забіваў і надалей знішчае».
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Яна заклікала ўдзельнікаў акцыі змагацца не толькі за тое, каб Беларусь стала свабоднай, але – і чыстай. Звярталася не толькі да беларусаў, але і да ўкраінцаў, да палякаў. Мікалай Капернік, які з касмічнай сферай у руках сядзеў на пастаменце за спінай выступоўцы, пазіраў на ўсё па-філасофску спакойна. Злева і справа ад яго луналі на халодным варшаўскім ветры (+8 увечары) вялікія бел-чырвона-белыя сцягі. Выглядала сапраўды касмічна.

Эмоцыяў у гэты капернікаўскі спакой падкідвае адзін з пачынальнікаў беларускіх «Чарнобыльскіх шляхоў» палітык Вячаслаў Сіўчык.

«Чарнобыль прынёс рак. І мы ведаем, які рак ёсць на целе чалавецтва – гэта расейскі імперыялізм. І Уладзімір Пуцін ёсць пухлінай, якая дае метастазы па ўсім свеце. І ёсць толькі адзін шлях, каб уратаваць чалавецтва ад гэтага рака – гэтая краіна-тэрарыст мусіць знікнуць з мапы і ачысціць цела чалавецтва», – казаў Вячаслаў Сіўчык.

Больш вострую прамову пра «смерць імперыі» мог выдаць падчас «Чарнобыльскага шляху» хіба толькі адзін чалавек – Зянон Пазняк. Але ён на вулічнай акцыі не прысутнічаў – чытаў у гэты ж час лекцыю пра наступствы Чарнобылю ў «Беларускім доме» ў Варшаве.

«Менск – Варшава: агульная справа»

Стары горад, па якім прайшла калона, выглядаў амаль бязлюдным. Варшавякі выходзілі з аўтобусаў, здымалі акцыю на тэлефоны і адразу знікалі. Турыстаў было вобмаль – халодна. А беларускія нацыянальныя сцягі на фоне варшаўскіх касцёлаў ды палацаў выглядалі фантастычна прыгожа. Украінскіх сцягоў было ўсяго некалькі, і трымалі іх беларусы. Але мы знайшлі ў калоне ўкраінца. Памаранчавыя валасы, шчырая ўсмешка.

«Добрая акцыя. Людзей магло быць, канечне, больш. Але сёння працоўны і да таго ж халодны дзень.  Мне спадабалася, што тут не гучалі ўсякія пафасныя словы палітыкаў пра тое, што ўкраінцы і беларусы – браты і г.д. Усё па справе. Нас зараз сапраўды яднае пытанне ядравай бяспекі. І пра гэта трэба казаць пастаянна», – сказаў удзельнік шэсця з Украіны.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Так супадае, што пасля размовы з украінскім удзельнікам у галаве калоны пачалі скандаваць «Смерць расейскім акупантам».

25-гадовая беларуска Кацярына жыве ў Варшаве троху больш за паўгода. Прызнаецца, што прыйшла на акцыю, таму што ў Беларусі працавала ў лякарні і мела дачыненне з хворымі на анкалогію.

«Многіх людзей, якіх я лячыла, ужо няма на гэтым свеце. А вы яшчэ спытваеце, чаму я ўдзельнічаю ў шэсці. Балюча, вось чаму», – адказвае на нашае пытанне Кацярына.

Калі падыходзім да помніка Марыі Складоўскай-Кюры, пачынае вечарэць. Хтосьці выкрыквае: «Менск – Варшава: агульная справа». Калона падхоплівае. Польскія паліцэйскія (іх было няшмат) выглядаюць крыху стомленымі. Галоўная расцяжка з надпісам «Не ядравай зброі ў Беларусі» ў шэрані варшаўскага паветра глядзіцца выразна і злавесна. Чырвонае на чорным. Нібыта крывёю хто напісаў…

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Акцыя «Чарнобыльскі шлях» праводзілася ў Менску і ў іншых гарадах Беларусі з 1989 года. У першым шэсці, арганізаваным партыяй БНФ, узяла ўдзел каля 30 тысяч чалавек. У 1996 годзе »Чарнобыльскі шлях« сабраў больш за 50 тысяч чалавек і прайшоў са шматлікімі затрыманнямі. Першы «Чарнобыльскі шлях» у Варшаве быў арганізаваны суполкай «Беларусы Варшавы» сумесна з ініцыятывай «Euromaidan-Warszawa» пры падтрымцы іншых арганізацыяў і палітычных рухаў. Удзел у акцыі ўзяла больш за 200 чалавек.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў