«Бо з турмы я ўжо не вярнуся…» 72-гадовы актывіст з'ехаў з Беларусі і просіць аб дапамозе


72-гадовы стваральнік народнага мемарыялу «Хайсы – віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў месяц таму быў вымушаны пакінуць Беларусь. «Лепш хай пажыву яшчэ троху, колькі мне там Бог наканаваў, бо з турмы я ўжо не вярнуся», – кажа мужчына ў размове з «Белсатам». Апынуўся на чужыне адзін, з невялікім заплечнікам, напалову запоўненым рознымі лекамі. Яму вельмі патрэбнае маральнае і фінансавае падтрыманне.

Ян Дзяржаўцаў пасля эвакуацыі з Беларусі. Фота перадаў «Белсату» герой публікацыі

«Якая атмасфера на радзіме? Вельмі цяжкая. Трывожная. Увесь час чакаеш, што за табой прыйдуць і забяруць. Пастаянна на нервах. У міліцыі мне потым сказалі: зачышчаем вас і будзем зачышчаць», – распавядае Ян Дзяржаўцаў.

«Чулі толькі ўдары і крыкі гэтага чалавека»

Па Яна прыйшлі 17 сакавіка. Пяць чалавек у цывільным (супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС Віцебску). Учынілі ператрус, забралі тры тэлефоны і кампʼютар. Ян успамінае, што ў пастарунку пачаў патрабаваць адваката. Міліцыянты паківалі галавой і згадзіліся пазваніць.

«Чую, адвакат на тым канцы запытваецца, па якой справе. Супрацоўнік кажа, што па экстрэмісцкай. «Няма калі зараз, звяжуся з вамі пазней», – адказаў. Мы чакалі больш за дзве гадзіны, што патэлефануе і прыедзе. Але не патэлефанаваў і не прыехаў. Мяркую, спужаўся», – кажа Ян Дзяржаўцаў.

Пратакол на мужчыну склалі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»), бо ў тэлефоне знайшлі некалькі допісаў з каналаў «Вольная Беларусь» і «Краіна для жыцця». У міліцыі Яну зрабілася блага, яго завезлі ў абласную лякарню (бо хуткай не дачакаліся), каб збіць ціск. Потым зноў вярнулі ў «стакан» і пад раніцу наступнага дня адвезлі ў ІЧУ, які ў Віцебску размяшчаецца ў будынку СІЗА № 2 на вуліцы Гагарына (асобны ізалятар у канцы Маскоўскага праспекту быў закрыты на рамонт у 2020 годзе і дагэтуль не працуе).

Ян Дзяржаўцаў неаднойчы ў сваім жыцці сядзеў на соднях (ён даўні сябра партыі КХП – БНФ), але апошні раз – у 2014 годзе. Кажа, што ў нейкім сэнсе яму было цікава паглядзець, што змянілася за гэты час ва ўмовах утрымання. Быў проста шакаваны – змянілася ўсё. Палітычным у віцебскім ізалятары не выдаюць матрацаў, коўдраў і падушак, хоць затрыманыя за пʼянкі ці крадзяжы «спяць як людзі». Палітычным не выдзяляюць асабістых кубкаў. Затое на правяранні, якія адбываюцца на «прадоле» шэсць разоў на содні, выганяюць у кайданках. І бʼюць.

«Падчас праверкі на калідоры супрацоўніку можа не спадабацца, напрыклад, што ты стаіш далёка ад сцяны – і ён лупіць цябе ў спіну кулаком. Моцна бʼе», – сведчыць Дзяржаўцаў.

Распавядае, што сядзеў у адной камеры з мужчынам, у якога «пачаў ехаць дах». Ён уставаў сярод ночы, падыходзіў да дзвярэй і прасіў свайго ўяўнага сябра, які нібыта быў па той бок дзвярэй, узяць лом і паадбіваць з іх наледзь, каб яны адчыніліся. Шмат разоў за ноч уставаў ды ішоў да дзвярэй. Раніцай, калі камеру вывелі на правяранне, мужчыну загадалі застацца ўсярэдзіне.

«Мы стаялі тварам да сценкі, а ў камеру ўвалілася, можа, чалавек шэсць супрацоўнікаў. Мы чулі толькі ўдары і крыкі гэтага няшчаснага чалавека. Яго збілі на горкі яблык. Паламалі некалькі рабрын. Потым яго забралі з нашай камеры. Куды – невядома. Больш я яго не бачыў», – кажа Ян Дзяржаўцаў.

«Мала засталося, каб у лес пачалі вазіць»

Мужчына прызнаецца, што за сем дзён (столькі яму прысудзіла сумна вядомая ў Віцебску суддзя Алена Цыганкова) паспаў хіба 15 гадзінаў, бо на шконцы з металічнымі палосамі, прываранымі на адлегласці 15–20 см адна ад адной, спаць без матраца немагчыма. Змяніў за сем дзён чатыры камеры. У некаторых было невыносна халодна.

Знясілены бяссоннем і хваробай (моцна прастудзіўся), у апошні дзень не вытрымаў і паклаў галаву на стол, абхапіўшы яе далонямі, каб суцішыць боль. І тут жа атрымаў пратакол за парушэнне рэжыму – «спаў на стале». Папярэдзілі, што, калі будзе яшчэ адно парушэнне, кінуць у карцар. Дацярпеў і вытрымаў.

«Адзін міліцыянт мне сказаў – не скажу пры якіх абставінах, – што за мной зараз сочаць і наступным разам магу трапіць у СІЗА. Маўляў, у тваім веку ты адтуль ужо не выйдзеш і да турмы не дажывеш. Я вельмі тады здзівіўся, што ён мяне так папярэджвае. Аказалася, нездарма. Я толькі зʼехаў – і праз два дні зноў прыходзілі па мяне. Праз тыдзень – яшчэ раз», – расказвае Ян Дзяржаўцаў.

Кожны раз у кватэры віцябляніна рабілі ператрус. Ян мяркуе, нешта «адкапалі» ў тэлефонах ці кампʼютары, якія забралі пры першым ператрусе. Прызнаецца, што перад затрыманнем не паспеў выдаліць усяго, што трэба.

«Спадар Ян, вы калісьці першы ў Віцебску пачалі казаць пра расстрэльны лес у Хайсах і збіраць сведчанні мясцовых жыхароў аб сталінскіх злачынствах. Ці няма ў вас адчування, што яшчэ троху – і людзей у сённяшняй Беларусі пачнуць вывозіць не ў ІЧУ, а ў найбліжэйшы лес, як гэта было ў 1937–1938 гадах пад Хайсамі ці ў менскіх Курапатах?» – пытаемся.

Чалавечыя парэшткі, знойдзеныя ў лесе ў Хайсах пад Віцебскам.
Фота: hajsy.org

«Гэта страшна, але ёсць такое адчуванне. Зараз, у сувязі з гэтай вайной, ім нічога не застаецца, як знішчаць нас. Рознымі спосабамі. Запалохваць, кідаць у турмы і… Мала засталося, каб машынамі ў лес пачалі вазіць. Бо – трэба зачышчаць», – гаворыць наш суразмоўца.

Як дапамагчы Яну Дзяржаўцаву

За апошнія гады на тэрыторыі народнага мемарыялу ў Хайсах Віцебскага раёну вандалы знішчылі каля дзесяці крыжоў, стэнд каля аднаго з вялікіх крыжоў і ўказальнікі ў лесе. Ян Дзяржаўцаў упэўнены, што чынілася гэта на загад афіцыйных уладаў, якім вельмі не падабалася дзейнасць актывіста. Ім вельмі не падабалася праўда пра злачынствы камуністычных уладаў у Беларусі.

«Я нядаўна наведаў у Вільні Музей ахвяраў генацыду. І ведаеш што? Камера ў турме віленскага КГБ падалася мне больш прыдатнай для адседкі і жыцця, чым у віцебскім СІЗА. Больш чалавечнай, калі так можна сказаць. Я прыкінуў, што я прынамсі мог бы ў ёй заснуць, на той музейнай шконцы…» – прызнаецца Ян Дзяржаўцаў.

Ён зʼехаў з Беларусі 29 сакавіка, зразумеўшы, што наступная ягоная адседка ў Беларусі можа быць апошняй. «Лепш хай пажыву яшчэ троху, колькі мне там Бог наканаваў, бо з турмы я ўжо не вярнуся», – кажа мужчына.

Разгублены, схуднелы і хворы. Вельмі чакае маральнага падтрымання і добрых парадаў. Некалькі дзён таму фонд «BYSOL» абвясціў збор дапамогі для Яна. Гэтая дапамога яму вельмі патрэбная! Мы маем таксама кантакт для персанальнай сувязі – пішыце ў наш чат-бот.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў