Польскія ўлады паведамілі пра затрыманне расейскага і беларускага шпіёнаў


Служба вайсковай контрвыведкі Польшчы выявіла двух шпіёнаў, якія працавалі на Беларусь і Расею, паведамляе ўрадавы партал gov.pl. З пачатку вайны ва Украіне польскія спецслужбы затрымалі 20 асобаў, якіх западозрылі ў супрацы з расейскай ці беларускай выведкай.

Штаб-кватэра Службы вайсковай контрвыведкі Польшчы ў Варшаве.
Фота: Tomasz Adamowicz / Forum

21 сакавіка ў Польшчы затрымалі замежніка, які працаваў на расейскія спецслужбы. Яму ўжо выставілі абвінавачванне ды арыштавалі на тры месяцы. Польскія ўлады сцвярджаюць, што мужчына збіраў інфармацыю, сярод іншага, пра крытычную інфраструктуру ў Паморскім і Куяўска-Паморскім ваяводствах, а таксама пра дзейнасць службаў і органаў, адказных за бяспеку. Атрыманую інфармацыю мужчына перадаў расейцам.

Паводле Службы вайсковай контрвыведкі Польшчы, замежнік «прызнаўся ў здзейсненым злачынстве, распавёў падрабязнасці сваіх дзеянняў і акалічнасці вербавання расейскімі спецслужбамі». Мужчына шпіёніў як мінімум са студзеня 2023 года.

Акрамя таго, 1 сакавіка затрымалі падазраванага ў супрацы з беларускімі спецслужбамі. Яго таксама арыштавалі на тры месяцы.

Гэты замежнік, як сцвярджаюць, збіраў інфармацыю пра аб’екты, важныя для бяспекі Польшчы, у тым ліку звязаныя з Узброенымі сіламі.

Hавiны
У «справе расейскіх шпіёнаў у Польшчы» могуць быць новыя арышты
2023.03.20 17:04

З пачатку вайны ва Украіне польскія спецслужбы затрымалі 20 асобаў, якіх западозрылі ў супрацы з расейскай ці беларускай выведкамі, адзначаюць у паведамленні на ўрадавым партале gov.pl.

Раней зрабілася вядома пра затрыманне ў Польшчы дзевяці асобаў, якія, на думку польскіх спецслужбаў, збіралі інфармацыю пра пастаўкі зброі Украіне ды рыхтавалі дыверсіі на замову расейскай выведкі. У гэтай групе былі беларусы і ўкраінцы, пісала газета «Rzeczpospolita».

Hавiны
«Беларусы і ўкраінцы». Сярод затрыманых у Польшчы расейскіх шпіёнаў расейцаў не было
2023.03.17 13:18

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў