У Менску затрымалі байца MMA Уладзіслава Навіцкага, які выступаў супраць вайны


«Пакаяльнае відэа» са спартоўцам з’явілася ў тэлеграм-канале ГУБАЗіКу, паведамляе Tribuna.

На відэа Навіцкі распавёў, што разам з іншымі спартоўцамі ўдзельнічаў у народных пратэстах жніўня 2020 года, а таксама прызнаўся, што сярод яго знаёмых ёсць людзі, якія цяпер ваююць ва Украіне супраць расейскай арміі.

«Цяпер, калі інфармацыйнае поле кішыць усялякай дрэнню, ён падтрымлівае і заахвочвае дзеянні сяброў, якія сталі наймітамі на баку нацыстаў, ГУБАЗ дапаможа падкарэктаваць жыццёвую пазіцыю, а дзяржава, верагодна, дасць другі шанец», – напісана ў канале сілавікоў.

Пры гэтым не ўдакладняецца, у якім статусе знаходзіцца спартовец.

Уладзіслаў Навіцкі нарадзіўся ў Менску ў 1993 годзе. Прафесійную карʼеру распачаў у 2012-м. Неаднаразова станавіўся чэмпіёнам Беларусі па рукапашным баі і некалькі разоў выйграваў аналагічны турнір у краіне па ММА. Ёсць у карʼеры байца і міжнародныя ўзнагароды: Уладзіслаў быў сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы па ММА і браў бронзу на чэмпіянаце Еўропы па рукапашным баі.

У першы дзень поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Навіцкі пакінуў у сваім Instagram допіс супраць вайны.

РР belsat.eu

Стужка навінаў