231-ы дзень пратэстаў: сілавікі на вуліцах Менску, затрыманне журналістаў і супраціў Макея-малодшага


Паслявыбарчыя акцыі пратэсту ў Беларусі працягваюцца 230 дзён. Сёння беларусы ўпершыню паспрабавалі масава выйсці на вуліцы пасля зімы. «Белсат» падводзіць вынікі дня.

Сёння прыхільнікі пераменаў спрабавалі правесці вялікую акцыю пратэсту ў Менску з нагоды Дня Волі.

Сілавікі з самай раніцы пачалі сцягваць у цэнтр гораду спецтэхніку, спрабуючы запужаць людзей, а Следчы камітэт увогуле папярэдзіў, што ўсіх, каго сёння затрымаюць, прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Прыкладна а 12:30 у Менску пачаліся першыя затрыманні каля станцыі метро «Пушкінская».

Пачатак акцыі прызначылі на 14:00 у раёне плошчы Бангалор.

Вялізарны БЧБ-сцяг быў заўважаны сёння ў раёне Уручча.

Прыкладна а 16:30 большая частка сілавікоў з’ехала з раёну плошчы Бангалор.

«РИА Новости» са спасылкаю на МУС Беларусі паведамляе, што сёння ў аддзяленні міліцыі прывезлі больш як 100 затрыманых.

Пад сённяшнюю хвалю затрыманняў таксама трапілі і шэсць прадстаўнікоў СМІ. Усе яны ўжо на волі.

Затрыманых рэдактарак TUT.by Ганну Калтыгіну і Галіну Уласік адпусцілі без складання пратаколаў.

Таксама адпусцілі фатографку «Нашай Нівы» Надзею Бужан і журналістку Кацярыну Карпіцкую з «Нашай Нівы».

Момант затрымання журналісткі «Нашай Нівы» Кацярыны Карпіцкай.
Фота: TUT.by

Пасля некалькіх гадзінаў у Кастрычніцкім РУУС Менску адпусцілі журналістку Любоў Бахурэвіч з газеты «Белорусы и рынок». У міліцыі на яе склалі пратакол.

Журналістка распавяла, што не бала ўдзелу ў пратэставай акцыі. Яе затрымалі побач з домам, яна жыве непадалёк ад плошчы Бангалор.

Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча вызвалілі каля 21:30, але з двума пратаколамі: за непадпарадкаванне і ўдзел у незаконным масавым мерапрыемстве.

Марціновіча затрымалі разам з Надзеяй Бужан у раёне плошчы Бангалор: спачатку ягоную машыну спынілі даішнікі і павялі на размову, але пасля амапавец суправадзіў яго ў аўтазак.

Меркаванні
Атака на палякаў будзе каштаваць дорага
2021.03.27 11:21

Віталь Макей, сын Уладзіміра Макея, раскрытыкаваў скандальную заяву МЗС Беларусі, адрасаваную ЗША.

Скрыншот linkedin.com/in/vitaly-mackay

Уладзімір Макей адрэагаваў на заяву сына допісам у Instagram. Дарэчы, гэта першы допіс міністра ў сацсетках з 1 чэрвеня 2020 года.

«Велізарная колькасць каментароў наконт учорашняе заявы прэс-службы МЗС, прытым канстытуцыйная большасць – пазітыў, гаворыць пра правільнасць і актуальнасць пытання. Дарэчы, гэтая заява датычыць не толькі заакеанскіх партнёраў, але і тых, хто бліжэй…ЛЮБЛЮ БЕЛАРУСЬ!!!» – напісаў кіраўнік МЗС Беларусі.

У Наваградскім гістарычна-краязнаўчым музеі затрымалі групу каля 10 чалавек, якія прыйшлі туды на экскурсію.

Працаўніца музею распавяла, што людзі прыйшлі і аплацілі экскурсію па горадзе пра гісторыю наваградскіх татараў. А другой гадзіне экскурсавод музею Настасся Грыцкевіч выйшла да групы на плошчу, але ёй не далі нават пачаць экскурсіі – групу акружыла міліцыя.

Экскурсавода не забралі, праз некалькі хвілінаў яна вярнулася ў музей, папрасіла касіра вярнуць грошы, бо экскурсія не адбылася, і аднесла іх групе. Пасля людзей павезлі ў РАУС.

У музеі ўдакладнілі, што ўдзельнікі групы не махалі сцягамі і не былі ніяк пазначаныя.

Hавiны
Затрыманая сёння чалец Каардынацыйнай рады Наталля Дуліна на волі
2021.03.27 18:55

У хаце і майстэрні мастака Алеся Пушкіна правялі ператрусы і панішчылі карціны

У вёсцы Бобр, дзе жыве мастак Алесь Пушкін, у межах крымінальнай справы адбыўся ператрус. Яго праводзілі ў хаце і ў майстэрні мастака.

Мастак Алесь Пушкін.
Фота: радыё «Свабода»

На ператрус, які распачаўся а 2:00 уначы, прыехалі з Гарадзенскага аддзелу Следчага камітэту і пяцёра амапаўцаў. Забралі тэлефоны і тэхніку ўсіх сямейнікаў, у тым ліку няпоўнагадовых сына і дачкі.

У майстэрні мастака сілавікі панішчылі карціны і пабілі шкло.

Гісторыі
«Калегі не змаглі ахвяраваць куском хлеба, які нам і так кідаюць як сабакам». Сям’я тэатралаў – пра свае расчараванні
2021.03.27 12:40

Студэнтку Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту Аляксандру Буку змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Яе вінавацяць у «абразе прадстаўніка ўлады».

Як распавяла TUT.by маці студэнткі, да дзяўчыны прыйшлі з ператрусам, калі яна вярнулася ў інтэрнат з заняткаў.

«Яна паспела мне пра гэта паведаміць праз тэлефон. Ад ейных сяброў я даведалася, што пры ператрусе ў дачкі сканфіскавалі тэхніку, магчыма, нешта яшчэ. Пазней удалося высветліць, што Алесю затрымалі да 72 гадзінаў па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства паводле артыкулу 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Яна ў ІЧУ», – распавяла Юлія Бука.

Аляксандра вучыцца на 4 курсе гуманітарнага факультэту Полацкага дзяржуніверсітэту, вывучае рамана-германскую філалогію.

Hавiны
У Полацку затрымалі 21-гадовую студэнтку, яе вінавацяць у «абразе прадстаўніка ўлады»
2021.03.27 11:23

АД, belsat.eu

Стужка навінаў