У Варшаве прайшла адна з самых буйных акцыяў пратэсту фермераў за апошнія гады. Аграрыі пратэстуюць з пачатку лютага ў розных частках Польшчы. Яны незадаволеныя патрабаваннямі «зялёнага» заканадаўства ЕЗ, а таксама пастаўкай прадуктаў з Украіны і скарачэннем рэнтабельнасці сельскай гаспадаркі. «Белсат» даведаўся, як пратэставалі 27 лютага.
У цэнтры Варшавы сабралася каля 10 тысячаў фермераў. Мяркуючы па размовах у натоўпе, некаторыя не мясцовыя. На чале пратэстоўцаў – трактар з прычэпам, на якім размешчаны танк з сена з надпісам «Аграабрамс». Час ад часу раздаюцца воплескі, людзі запальваюць фаеры і выкрыкваюць лозунгі.
Калона спыняецца перад будынкамі Сейму і Канцылярыі прэм’ер-міністра. Каля Сейму з боку «Аграабрамса» раздаюцца заклікі абʼядноўвацца. Калі спатрэбіцца, фермеры перакрыюць усю краіну і памежныя пераходы, папярэджвае мужчына з мегафонам.
«Шаблі ў далонь», – кажа адзін з пратэстоўцаў, калі ўсе пачынаюць рухацца ад Сейму да Канцылярыі.
Яшчэ адзін падыходзіць да кампаніі ў натоўпе і пытаецца:
«Ну што, што з гэтага атрымаецца, хлопцы?» У адказ яму разгублена паціскаюць плячыма.
Недалёка ад Канцылярыі прэмʼера пытаем у кампаніі мужчынаў, чаму яны сёння тут.
«Мы сабраліся сёння ў Варшаве, каб выказаць пратэст супраць сельскагаспадарчай палітыкі Еўрапейскага Звязу, якую ён праводзіць і якая загадвае выключыць пэўныя вобласці з вытворчасці. Фермы таксама супраць імпарту сельскагаспадарчых тавараў з Украіны, бо гэта псуе рынак у нашай краіне і ў Звязе. Цэны ўпалі на прадукцыю сельскай гаспадаркі», – кажа фермер-пратэстовец Марцін.
Ён адзначае, што бягучыя цэны не дазваляюць працаваць з прыбыткам.
Яшчэ адна група пратэстоўцаў вельмі эмацыйна рэагуе, калі пытаемся, што вымусіла іх выйсці на пратэст.
«Я тут, бо я паляк. І я хацеў бы, каб польская ўлада была польскай. Мы трацім суверэнітэт Польшчы. Таксама, як вы марнуеце праз звера вашага, Лукашэнку», – кажа мужчына.
«Жадаю вам добрага жыцця ў Беларусі без Лукашэнкі!», – раптам дадае яшчэ адзін мужчына з кампаніі.
Паводле звестак «Gazeta Wyborcza», дэлегацыя пратэстоўцаў сустрэлася са спікерам Сейму Шымонам Халоўняй, а таксама з кіраўніком канцылярыі новага прэмʼера Польшчы Дональда Туска Янам Грабецам. Ім прадстаўнікі аграрыяў мусілі перадаць патрабаванні, у выпадку адмовы ад якіх і пагражалі перакрыць «усю краіну».
Арсен Рудэнка belsat.eu