У Турцыі – новы землятрус, магнітудаю 5,6


Землятрус магнітудаю 5,6 адбыўся 27 лютага на ўсходзе Турцыі ў горадзе Малат’я. У правінцыі Алепа ў Сірыі таксама адбыўся землятрус, магнітудаю 5,2.

Эпіцэнтр землятрусу быў у раёне Ешылюрт на глыбіні 7 км і адбыўся а 12:04 мясцовага часу. Паводле інфармацыі ўладаў Турцыі, разбураныя прынамсі 29 будынкаў. Адзін чалавек загінуў, 69 пацярпелі.

«На жаль, паводле нашых звестак, у выніку землятрусу загінуў адзін наш грамадзянін, 69 чалавек шпіталізаваныя з рознымі траўмамі», – заявіў кіраўнік упраўлення ў справе ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў Юнус Сэзэр.



Увечары 20 лютага ў турэцкай правінцыі Хатай адбыўся новы землятрус, магнітудаю 6,4. Падземныя штуршкі адчуваліся ў суседніх правінцыях, а таксама ў Сірыі, Егіпце і Ліване. Паводле апошніх афіцыйных звестак, тады ў Турцыі загінулі шэсць чалавек і 562 асобы атрымалі траўмы. Акрамя гэтага, абрынулася траса паміж гарадамі Антак’я і Іскендрун. У суседняй Сірыі пацярпелі не менш за 470 чалавек, паведамлялі актывісты Сірыйскай пляцоўкі назірання за правамі чалавека (SOHR).

Да гэтага разбуральныя землятрусы магнітудаю 7,7 і 7,6 адбыліся 6 лютага ў турэцкай правінцыі Кахраманмараш на паўднёвым усходзе краіны блізу сірыйскай мяжы. У Турцыі загінулі як мінімум 44 218 чалавек, у Сірыі актывісты зафіксавалі як мінімум 6 747 загінулых. Колькасць эвакуяваных з зоны бедства дасягнула 528 тысячаў 146 чалавек.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў