«Уцекачы разумеюць, што беларусы не хочуць вайны»: валанцёрка – пра дапамогу на ўкраінска-польскай мяжы


З пачаткам ваенных дзеянняў Расеі супраць Украіны да заходняй мяжы з Польшчай накіраваліся тысячы ўцекачоў. На дарогах – шматгадзінныя коркі з аўтаў і аўтобусаў, вялізныя чэргі людзей чакаюць на памежных пераходах. З польскага боку мяжы іх чакаюць валанцёры – арганізацыі і звычайныя грамадзяне, якія не змаглі сядзець убаку. Беларуска Ірына, адна з такіх валанцёрак, распавяла «Белсату», як гэта ўсё выглядае.

Пшэмысьль, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Ірына пераехала ў Варшаву з Берасця ў студзені 2020-га, перад гэтым каля 10 гадоў жыла на дзве краіны – ездзіла працаваць у Польшчу. Цяпер яна працуе ў фірме, якая дае ў арэнду аўтамабілі для надання паслугаў таксі.

«А 5-й ранку 24 лютага я прачнулася, зайшла ў інтэрнэт і пабачыла – пачалося. Увесь дзень мы назіралі за тым, што адбываецца, вечарам пачала прыходзіць інфармацыя, што з Украіны ў Польшчу ідзе вялікая хваля ўцекачоў. Праз польскае валанцёрскае аб’яднанне даведаліся, што ў Пшэмысьлі, які месціцца побач з памежным пераходам «Мэдыка», чакаецца цягнік з 600 уцекачамі, і мясцовыя не змогуць справіцца з такой колькасцю людзей. Патрэбны транспарт і кіроўцы, каб развезці ўцекачоў па розных польскіх гарадах. У нас ёсць свой тэлеграм-канал, групы, дзе мы напісалі, што едзем на дапамогу, патрэбныя кіроўцы. Усе, хто жадае, збіраемся на офісе і а 9-й ранку выязджаем», – распавядае Ірына.

На гэты заклік адгукнулася шмат людзей, сярод якіх – беларусы, украінцы, двое расейцаў. Ранкам сабраліся 11 аўтаў, сярод якіх 4 на 7 пасажырскіх месцаў, і ўсе яны калонай рушылі ў дарогу.

Мэдыка, Польшча. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

«Мы скаардынаваліся з афіцыйнымі валанцёрамі, якія былі ў Пшэмыслі, каб да нас быў давер. У горадзе мы да вечара чакалі цягнік з Украіны. Нам прапанавалі адпачыць у будынку мясцовай школы, які абсталявалі для ўцекачоў. Там створаныя ўсе ўмовы: ёсць спальныя месцы, пасцельная бялізна, ежа, вада, рэчы першай неабходнасці і іншае. Для дзяцей ёсць цацкі і размалёўкі. Нам далі бясплатныя месцы для паркоўкі. Усё прадумана да дробязяў», – кажа Ірына.

Уцекачы могуць ехаць на цягніку без білетаў

Паводле Ірыны, на мяжы ўцекачам дапамагаюць не толькі валанцёрскія арганізацыі, але і звычайныя людзі. Іх шмат, яны прыносяць скрыні з бананамі, іншую ежу, рэчы. Палякі, якія маюць мікрааўтобусы, прапануюць адвезці, куды трэба. Усё цалкам бясплатна.

Калі цягнік прыбыў, выявілася, што там не 600, а толькі 27 уцекачоў. Пасля Ірыне і ейным калегам патлумачылі, што ў касах скончыліся квіткі, і касіры спачатку не ведалі, што ўцекачы могуць ехаць на цягніку без білетаў. Таму на транспарт трапілі далёка не ўсе ахвотныя.

«Мы хацелі ўзяць на сябе кірунак у Варшаву, але не ўсе ўцекачы хацелі туды ехаць, бо на той момант у Варшаве яшчэ не было лагеру для ўцекачоў. Але былі людзі, якія выбралі гэты горад кропкай, дзе хочуць спыніцца», – адзначае Ірына.

Яна ўзяла да сябе ў машыну сям’ю з 7 чалавек. Усе – жанчыны: бабуля, дзве ейныя дарослыя дачкі і іхныя дзеці. Яны прыехалі са Львова, каб прайсці мяжу ў Мэдыцы, прайшлі пешкі 7 км. Рэчы мінімальныя: дзве вялікія сумкі, заплечнікі – толькі самае неабходнае.

Мэдыка, Польшча. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

«Яны былі вельмі стомленыя. Іхных мужоў не прапусцілі праз мяжу. Пакуль ехалі, размаўлялі. Ніхто з іх не чакаў, што будзе рэальная вайна. Мы народы-браты, і атрымліваецца, цяпер брат напаў на брата. Пры гэтым ні ад аднаго ўцекача я не чула меркавання, што беларусы неяк дапамагаюць у гэтай вайне Расеі. Усе ведаюць, што адбывалася ў краіне ў 2020 годзе, усе кажуць, што віна ў вайне – толькі на ўладах Расеі і Беларусі. А беларусы, як і расейцы, якія выходзяць на мітынгі ў расейскіх гарадах, вайны не хочуць. Яны гэта бачаць і разумеюць», – падкрэсліла Ірына.

«Польшча – вельмі салідарная краіна»

Цяпер на польскім баку мяжы дастаткова транспарту і кіроўцаў – адгукнулася вельмі шмат салідарных людзей з Варшавы, Кракава і іншых гарадоў. Уцекачы дзякуючы гэтаму вельмі хутка з’язджалі ў патрэбных кірунках. Пры гэтым яны распавядалі, што з боку Украіны вялікая чарга і таўханіна, памежнікі не спраўляюцца з колькасцю людзей, прапускаюць вельмі марудна.

«Польшча – вельмі салідарная краіна, якая шмат сілаў і рэсурсаў выдаткоўвае на дапамогу ўцекачам. Ці то беларусам, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў, ці то ўкраінцам і ўсім, хто цяпер бяжыць ад вайны. Польскія валанцёрскія арганізацыі падкрэсліваюць: усе ўцекачы з Украіны маюць у Польшчы легальны статус, каб яны нічога не баяліся. Калі ў Польшчы няма знаёмых або родных, да каго можна звярнуцца па дапамогу, ёсць лагеры для ўцекачоў, дзе ім дапамогуць – жыллём, рэгістрацыяй, вопраткай, прадуктамі і ўсім неабходным. Уцекачам, асабліва першы час, складана: яны раптоўна зняліся з месца, пакінулі свае дамы і на новым месцы нічога не ведаюць, нават проста ў краму складана схадзіць. Ува ўсім гэтым патрэбная дапамога», – кажа Ірына.

Валанцёры, якія дапамагаюць на складзе з гуманітарнай дапамогай, якую арганізавалі ўлады гораду Пшэмысьль, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Тыя, хто не змог паехаць з ёй і калегамі ў Мэдыку, зараз ездзяць па Варшаве і дапамагаюць уцекачам у горадзе: сустракаюць на вакзале і давозяць туды, куды трэба. У польскай сталіцы ствараюцца афіцыйныя цэнтры дапамогі, іх з кожным днём усё больш.

«Калі мы забіралі ўцекачоў з Мэдыкі, нам прапаноўвалі грошы за дапамогу, але я ведаю, што ніхто з нашай групы іх не ўзяў. Гэта проста наш грамадзянскі ўнёсак. Зараз усім, хто выказвае жаданне дапамагаць уцекачам, мы даем нашыя вольныя машыны без арэнднай платы. І нашая фірма гатовая дапамагчы ўцекачам з працаўладкаваннем у Варшаве», – падкрэсліла Ірына.

 

Hавiны
«Дзве вайны за такі кароткі час – вельмі шмат». Як беларусы спрабуюць выбрацца з Украіны
2022.02.26 15:06

 

СП, belsat.eu

 

Стужка навінаў