Першыя завочныя прысуды і вынікі па «справе прафсаюзаў». Рэпрэсіі за 26 снежня


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 26 снежня.

Менскі гарадскі суд абвясціў вырак спартоўцам Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну. Іх прыгаварылі да 12 гадоў пазбаўлення волі за заклікі да санкцыяў супраць Беларусі (ч. 3 арт. 361 КК). Справу разглядалі ў межах спецыяльнага вядзення. Спартоўцы сталіся першымі беларусамі, каго беларускі суд асудзіў завочна.

Таксама суд арыштаваў маёмасць і грошы на рахунку Герасімені, у ліку якіх кватэра, гаражнае месца, побытавая і аўдыяапаратура. Усё гэта пойдзе ў лік пагашэння цывільнага пазову на суму больш за Br 700 тысячаў.

«Пачыталі прысуд, пасмяяліся, і працягнулі далей святкаваць. Як кажуць, завочна вы мяне можаце нават расстраляць!», – адрэагавала на прысуд Герасіменя.

У Менскім гарадскім судзе 26 снежня вынеслі прысуды кіраўнікам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Аляксандр Ярашук атрымаў чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Сяргей Антусевіч – два гады, а Ірына Бут-Гусаім – год і шэсць месяцаў. Такія ж тэрміны запрашваў пракурор. Актывістаў абвінавачвалі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342), а Ярашука таксама ў закліках да санкцыяў (ч.3 арт. 361).

Фігуранты «справы прафсаюзаў» на судзе.
Фота: БелТА

У Менску абвесцілі прысуд 33-гадоваму былому следчаму і ініцыятару праекту «ByChange» Яўгену Юшкевічу. Яму прысудзілі 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па шасці артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «арганізацыю масавых беспарадкаў» у 2020 годзе, «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» ў інтэрв’ю і тэкстах у сацсетках, «пагрозу гвалтам» начальніку ІЧУ на Акрэсціна праз твіт.

Сілавікі затрымалі блогера, аўтара тэлеграм-каналу «Спадчына» і рэдактара «Вікіпедыі» Уладзіслава Чаховіча. На «пакаянным» відэа ён кажа, што «супраць дзейнай улады» і «падтрымлівае Украіну».

Уласніка «Кальяннай № 1» і журналіста Івана Мураўёва асудзілі да 2,5 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Палітзняволенага абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні») за відэаздымкі для расследавання журналіста Стася Івашкевіча, якое выйшла на тэлеканале «Белсат».

Палітзняволенага анархіста Сяргея Раманава адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на 4 месяцы. Увесь час адміністрацыя ваўкавыскай калоніі цісне на палітвязня: яго ўжо некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар, на месяц адпраўлялі ў ПКТ, а таксама пазбавілі рэжымнай перадачы і званкоў. 22 снежня Менскі абласны суд прызначыў анархістам Аліневічу і Раманаву – па 20 гадоў калоніі, Рэзановічу – 19 гадоў калоніі, Дубоўскаму – 18 гадоў калоніі.

Слонімскаму журналісту і краязнаўцу Сяргею Чыгрыну працягнулі адміністрацыйны арышт яшчэ на 15 содняў. 23 снежня ён мусіў вызваліцца пасля 7 содняў за перапосты з «экстрэмісцкіх рэсурсаў. Аднак яго пакінулі ў ізалятары на выходныя і ў панядзелак правялі чарговы суд. За час зняволення ён пазбавіўся працы ў драмтэатры.

За ўдзел у пратэстах ГУБАЗіК затрымаў брата і сястру – Міхаіла і Аляксандру Разуванавых. Нібыта яны ў 2020 годзе ўдзельнічалі ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Верагодна, на іх распачалі крымінальную справу.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў