У справе «Революционного действия», паводле якой праходзіць праваабаронца Марфа Рабкова, 160 тамоў


Матэрыялы крымінальнай справы «Революционного действия», прызнанага беларускімі ўладамі экстрэмісцкім фармаваннем, перададзеныя пракурору для накіравання ў суд. У справе – 160 тамоў. Пра гэта распавёў начальнік аддзелу УСК па Менску Дзмітрый Астрэйка ў праграме «Тревожная кнопка» на тэлеканале АНТ, піша Reform.by.

Дзмітрый Астрэйка.
Фота: скрыншот праграмы «Тревожная кнопка» на тэлеканале АНТ.

Паводле інфармацыі, агучанай у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу, судзіць паводле справы «Революционного действия» будуць 10 асобаў. Яшчэ чацвёра цяпер у вышуку. Аўтары сюжэту сцвярджаюць, што беларускія анархісты распачалі сваю дзейнасць у лютым 2005 года. А асаблівую актыўнасць удзельнікі ініцыятывы праявілі ў 2017 годзе на хвалі «мітынгаў недармаедаў», сказаў намеснік начальніка аддзелу ГУБАЗіК Мікалай Таўчкоў. Нібыта тады яны «радыкальна і агрэсіўна» рыхтаваліся да выбараў 2020 года.

Паводле Таўчкова, аўтаномныя ячэйкі анархістаў ствараліся ў кожным рэгіёне Беларусі, фармаваліся «абшчакі», дзейнічала інтэрнэт-крама «экстрэмісцкай літаратуры, адзення, іншай атрыбутыкі». Пасля, паводле аўтараў сюжэту, удзельнікі ініцыятывы пачалі знішчаць маёмасць, пагражаць супрацоўнікам органаў, арганізоўваць пратэсты.

«Антыканстытуцыйная дзейнасць вялася як у сетцы Інтэрнэт, так і на вуліцах гораду Менску. Агулам колькасць удзельнікаў даходзіла да 50», – кажа Таўчкоў.

Паводле Таўчкова, удзельнікі «Революционного действия», сярэдні ўзрост якіх складаў 18-20 гадоў, сталі «рухавіком, лакаматывам пратэснай дзейнасці 20-га года», а з пачаткам затрыманняў шмат хто з іх з’ехаў у Польшчу і Украіну, дзе яны «вядуць далейшую дзейнасць дзеля падрыву дзяржаўнага ладу, ствараюць новыя ініцыятывы».

У сюжэце на АНТ таксама былі паказаныя кадры, знятыя ў цёмны час содняў, пра якія сцвярджалася, што гэта – напад на будынак падатковай інспекцыі ў Гомлі 24 сакавіка 2017 года. Раней Следчы камітэт паведамляў, што раскрыў гэтую справу і абвінаваціў у арганізацыі падпалу валанцёрку «Вясны» Марфу Рабкову. ГУБАЗіК сцвярджае, што Марфа Рабкова звязаная з «Революционным действием» (адміністравала акаўнты ініцыятывы ў сацсетках) і называе яе кіраўніцай міжнароднай злачыннай арганізацыі. Марфу Рабкову будуць судзіць паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў