Музыкі з «Еўравізіі» трапілі ў «Валадарку», а святар стаў «легендай Акрэсціна». Рэпрэсіі за 26 лістапада


Амаль штодня ў Беларусі навіны пра палітычныя рэпрэсіі: затрыманні, суды, катаванні палітвязняў. І так ужо больш за два гады. «Белсат» расказвае, што стала вядома за адзін дзень 26 лістапада.

26 лістапада – той рэдкі дзень, калі ў Беларусі не паведамлялі пра новыя палітычныя затрыманні. Навіны толькі пра рэпрэсіі супраць затрыманых раней.

Hавiны
Следчы камітэт пахваліўся «поспехамі» ў палітычным пераследзе. Новага амаль не расказаў
2022.11.26 20:45

Нават Следчы камітэт, калі хваліўся маштабамі рэпрэсіяў, збольшага называў старыя лічбы і факты: звыш 11 тысяч палітычных справаў пасля выбараў-2020, крымінальныя справы на полк Каліноўскага і полк «Пагоня»…

З вялікага інтэрв’ю прадстаўніка СК стала хіба вядома, што за «Акт тэрарызму» вядуць ужо звыш 30 крымінальных справаў, што менавіта з пачатку 2022 года было звыш 4300 палітычных справаў, што справу праваабаронцаў «Вясны» перадалі пракурору для накіравання ў суд і што «спецыяльнае вядзенне» распачалі супраць усяго Аб’яднанага пераходнага кабінету, а не толькі супраць асобных лідараў пратэсту.

Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова перавялі ў магілёўскую турму, паведамляе «Вясна». Пісаць Казлову можна цяпер на адрас: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Мікалай Георгіевіч Казлоў. Казлова затрымалі 27 ліпеня з іншымі чальцамі АГП, абвінавацілі ва ўдзеле ў мірных акцыях пратэсту, асудзілі на два з паловай года калоніі.

Удзельнікі поп-рок гурту «Litesound», браты Дзмітрый і Уладзімір Каракіны, якіх затрымалі 13 кастрычніка, знайшліся на «Валадарцы» – імаверна, супраць іх распачалі крымінальную справу за ўдзел у пратэстах.

Hавiны
Музыкі з «Litesound», якія прадстаўлялі Беларусь на «Еўравізіі», знайшліся ў СІЗА на Валадарскага
2022.11.26 15:31

Пасля 88 дзён арышту не выйшаў на волю святар Уладзіслаў Багамольнікаў – ён застаецца ў ізалятары на Акрэсціна на сёмы тэрмін, паведаміла «Хрысціянская візія». Багамольнікава затрымалі 31 жніўня, утрымліваюць у жорсткіх умовах, не прымаюць для яго перадачы, у тым ліку лекі. У святара моцны кашаль, які не праходзіць з першага арышту, калі ён захварэў на ковід.

Святар Уладзіслаў Багамольнікаў (на фота злева) у 2020 годзе маліўся за Рамана Бандарэнку на Плошчы Пераменаў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

«Святар стаў ужо легендай Акрэсціна, – піша «Хрысціянская візія». – Сукупная працягласць ягоных арыштаў адна з самых вялікіх. Айцец Уладзіслаў чытае лекцыі па філасофіі для сваіх сукамернікаў – менавіта гэты прадмет ён выкладае і ў Менскай духоўнай акадэміі. Таксама ён духоўна падтрымлівае іншых зняволеных, у асяроддзі якіх карыстаецца вялікай павагай».

Hавiны
«Ці ўжывае ён наркотыкі?» Міліцыянты ўчынілі допыт бацькі ксяндза Вячаслава Барка
2022.11.26 10:35

Ёсць і добрыя навіны: былы палітвязень Ілля Міронаў выйшаў на волю пасля 5 дзён арышту за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» – а насамрэч, за падпіску на «экстрэмісцкі» Telegram-канал, піша «Гомельская Вясна». Летась Міронава асудзілі на паўтара года калоніі ў межах «справы Зельцара», ён выйшаў на волю ў кастрычніку.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў