Улады Славаччыны хочуць спыніць вайсковую дапамогу Украіне і не ўводзіць санкцыяў супраць Расеі


Новаабраны прэм’ер-міністр Славаччыны Робэрт Фіца выступіў супраць паставак вайсковай дапамогі Украіне і прапанаваў абодвум бакам дамаўляцца. Пра гэта ён заявіў перад пачаткам двухдзённага саміту лідараў краінаў – чальцоў ЕЗ, паведамляе партал «Noviny».

Робэрт Фіца. Крыніца: novinky.cz

«Мы разглядаем дапамогу Украіне выключна як гуманітарную і цывільную. Мы больш не будзем пастаўляць Украіне зброю», – заявіў прэм’ер-міністр Славаччыны і дадаў: «Гэта не нашая вайна, да гэтай вайны мы не маем ніякага дачынення».

Робэрт Фіца сказаў, што неадкладнае спыненне ваенных дзеянняў з’яўляецца найлепшым развязкам, а ЕЗ мусіць ператварыцца з пастаўляльніка зброі ў міратворца. Лепш Расея і Украіна будуць дзесяць гадоў дамаўляцца, чым забіваць адна адную, заявіў ён, выступаючы перад Еўрапейскім камітэтам славацкага парламенту.

Таксама кіраўнік славацкага ўраду назваў нерэальнай магчымасць выхаду Расеі з анексаванага паўвострава Крым або з акупаваных тэрыторыяў усходнеўкраінскіх рэгіёнаў. На ягоную думку, ідэя, што камусьці ўдасца загнаць у кут Расею – ядравую дзяржаву – з дапамогай звычайнай зброі, наіўная.

Паводле ягоных словаў, Украіна не гатова ўступіць у Еўразвяз і стаць чальцом NATO.

Апроч падтрымання Украіны, новы прэм’ер-міністр адмовіўся падтрымліваць і новыя санкцыі ў дачыненні Расеі.

«Я не буду галасаваць за якія-небудзь санкцыі супраць Расеі, калі на стале не будзе аналізу ўздзеяння на Славаччыну. Калі будуць санкцыі, што нанясуць нам шкоду, бо большасць санкцыяў нанеслі нам шкоду, я не бачу прычынаў падтрымліваць», – сказаў ён.

У Крамлі ўжо адрэагавалі на намер новага ўраду Славаччыны спыніць вайсковую дапамогу Украіне. На думку прэс-сакратара Дзмітрыя Пяскова, Славаччына адыгрывае толькі мінімальную ролю ў пастаўках заходняй зброі Кіеву і наўрад ці гэта зменіць канфлікт.

Нагадаем, што Робэрт Фіца ўзначальвае прарасейскую левапапулісцкую партыю «Кірунак – сацыяльная дэмакратыя» («Smer – sociálna demokracia»), якая атрымала перамогу на парламенцкіх выбарах 30 верасня. Партыю падтрымалі 23,3 % выбарцаў. Палітык не раз выказваў намер спыніць пастаўкі зброі ва Украіну і прымусіць іншыя краіны змяніць маршрут дастаўкі зброі. Таксама ён лічыць, што санкцыі супраць РФ не маюць сэнсу і наносяць шкоду краінам Еўрапейскага Звязу.

Робэрт Фіца ўжо быў прэм’ер-міністрам Славаччыны ў 2006–2010 і ў 2012–2018 гадах.

Hавiны
На выбарах у Славаччыне перамагла прарасейская партыя, што выступае супраць дапамогі Украіне
2023.10.01 13:12

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў