Беларускі спорт губляе не толькі спартоўцаў і трэнераў, але і топ-менеджараў. Намесніца менеджара ў справе маркетынгу і камунікацыяў БГК Лідзія Сямёнава звольнілася з найлепшага гандбольнага клубу Беларусі і зʼехала жыць у Іспанію.
Навіна аб тым, што Лідзія Сямёнава больш не працуе ў Берасці, не зʼявілася ні на сайце клубу, ні ў сацыяльных сетках, але фота Лідзіі з раздзелу «Кіраўніцтва» ўжо выдалілі.
Сямёнава прыйшла ў БГК у лістападзе 2014 года, да гэтага яна чатыры гады працавала памочніцаю генеральнага дырэктара хакейнага «Дынама» (Менск).
«Гэта адзін з найлепшых спартовых менеджараў краіны», – распавёў «Белсату» спартовы журналіст, які застаецца ў Беларусі.
«Дзякуючы працы Сямёнавай, хакейнае «Дынама» і гандбольны БГК сталі брэндамі, а арганізацыя матчаў выйшла на самы высокі ўзровень, – тлумачыць журналіст. – У тых умовах, у якіх сёння апынуўся беларускі спорт, ніякае развіццё немагчыма. Шмат у чым таму людзі з’язджаюць з Беларусі».
Да 2020 года БГК Мяшкова імкліва развіваўся, выйшаў у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў, але паступова справы клубу, як і ўсяго беларускага спорту, пайшлі горш.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіну беларускі гандбол у пары з расейскім быў «забанены», каманды і клубы гэтых краінаў не могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Гэтак, БГК быў выключаны з Лігі чэмпіёнаў, а каманду пакінулі ўсе гульцы і трэнер з еўрапейскімі пашпартамі. Іх замянілі гульцы з Расеі.
Цяпер «Мяшкоў» (Берасце) можа гуляць толькі з беларускімі, расейскімі ды кітайскімі клубамі. А яшчэ нядаўна БГК быў у эліце еўрапейскага гандболу і гуляў з «Барсэлонай», «Парыжам», «Кілем».
Паводле інфармацыі «Белсату», спартовы дырэктар Павел Башкін, які цяпер перабывае ў Іспаніі, блізкі да таго, каб развітацца з БГК.
АС belsat.eu