Палітзняволеную грамадзянку Расеі з перадавіцы «Камсамолкі» дэпартавалі з Беларусі на радзіму


Вера Цвікевіч адбыла ўсё пакаранне і 26 кастрычніка выйшла на волю, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Але ў той жа дзень яе адвезлі на мяжу, не даўшы сабраць рэчаў. Ёй забаранілі цягам пяці гадоў прыязджаць у Беларусь.

Перадавіца газеты «Комсомольская правда в Беларуси». На фота ў чырвонай сукенцы – Вера Цвікевіч.
Фота: «Вясна» / Telegram

29-гадовую Веру Цвікевіч затрымалі сёлета 27 студзеня – амаль праз паўтара года пасля выбараў-2020. Яна грамадзянка Расеі з беларускім відам на жыхарства. У жніўні 2020-га дзяўчына стала знакамітай: здымак, дзе яна падчас мірнага маршу ў прыгожай чырвонай сукенцы і з кветкамі ў руках сядзіць на металічнай агароджы ля стэлы «Менск – горад-герой», якую ахоўваюць сілавікі ў касках, трапіў на першую старонку газеты «Комсомольская правда в Беларуси».

6 траўня суд Маскоўскага раёну Менску прызнаў Цвікевіч і яшчэ адну падсудную, затрыманую 31 студзеня 24-гадовую Насту Кухараву, вінаватымі ў «арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным ўдзеле ў іх» (ч. 1 арт. 342 КК). Кухараву пакаралі трыма гадамі «хатняй хіміі» і вызвалілі ў зале суда. Цвікевіч прысудзілі адзін год калоніі з адбыццём пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. Абедзве прызнаныя палітвязнямі. Вырак агучыла суддзя Вольга Малашэнка.

«Доказам» следства прапанавала лічыць фотаздымак, на якім Цвікевіч разам і іншымі дзяўчатамі, у тым ліку і з Кухаравай, ідзе ў адным шэрагу падчас мірнай акцыі пратэсту. Адметна, што на здымках з адпаведных акцыяў не відаць ніякіх беспарадкаў.

Газета з фота Цвікевіч і вайскоўцамі на тле выйшла 25 жніўня 2020 года ў расейскай тыпаграфіі. Нумары за 18 і 20 жніўня не ўдалося надрукаваць праз праблемы з беларускім Домам друку – у тыя дні абмяжоўвалі выпуск і іншых газетаў.

Пра падзеі ў Менску і пра тыя самыя калючы дрот і Лукашэнку з аўтаматам у «Камсамолцы» пісаў журналіст Генадзь Мажэйка. Яго затрымалі мінулай восенню пасля таго, як апублікаваў артыкул пра загінулага ў страляніне з працаўнікамі КДБ 28 верасня Андрэя Зельцара, і дагэтуль трымаюць за кратамі. Сайт выдання заблакавалі ў Беларусі – «Камсамолка» пасля гэтага вырашыла сысці з краіны.

Гісторыі
Журналіст Генадзь Мажэйка ўжо год у СІЗА за матэрыял пра Андрэя Зельцара. Што вядома пра справу?
2022.10.01 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў