Аляксандр Апейкін: «Мы маем нейкую нявызначанасць з боку МАК і ўсёй міжнароднай спартовай супольнасці»


6 кастрычніка 2023 года тэлеканал «Белсат» і Беларускі фонд спартовай салідарнасці (BSSF)  арганізуюць адкрытыя дэбаты наконт права беларускіх і расейскіх спартоўцаў рэпрэзентаваць свае краіны на міжнароднай спартовай арэне, у тым ліку на Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе. Па выніках абмеркавання будзе падрыхтаваны пратакол, якія дашлюць у МАК (Міжнародны алімпійскі камітэт) і арганізацыю ЕАК (Еўрапейскія алімпійскія камітэты). Напярэдадні гэтага тэлевізійнага форуму «Белсат» папрасіў кіраўніка Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Апейкіна распавесці пра сутнасць планаваных дэбатаў і сітуацыю, што склалася вакол удзелу ў спаборніцтвах беларускіх і расейскіх спартоўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Алімпійская сімволіка ў Парыжы.
Фота: Voetbal International / East News

– Ці мае нейкае канкрэтнае абгрунтаванне абраная дата правядзення дэбатаў – 6 кастрычніка?

– Так, мае. 6–7 кастрычніка ў Стамбуле пройдзе 52-ая Генеральная асамблея еўрапейскіх нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, перанесеная з ліпеня, калі ў краіне адбываліся ўсеагульныя нацыянальныя выбары. Мы плануем адразу даслаць свежы пратакол на тую Асамблею. Акрамя таго, літаральна праз тыдзень (15–17 кастрычніка) у індыйскім Мумбаі пройдзе 141-ая сесія МАК. Там будуць галасаваць за прыняцце паправак у Алімпійскую хартыю і таксама абмяркуюць пытанне допуску. Сэнс у тым, што сам стрым будзе ісці і на Беларусь, і на Расею, і на Польшчу, і на Украіну ды іншыя дзяржавы. Таму нашая задача – як мага больш папулярна данесці пазіцыі ўсіх зацікаўленых бакоў.

Анонс
Алімпійскія гульні ў Парыжы ў ценю вайны ў Еўропе. Запрашаем на дэбаты на «Белсат»
2023.09.22 13:28

– Які фармат мяркуецца? Гэта будзе канферэнцыя, дэбаты, адказы на пытанні?

– Лепей назавём больш трапным тэрмінам – дыскусія. Мы схіляемся да раўнапраўных абмеркаванняў: дзесьці думкі спікераў будуць падобныя, дзесьці – розныя. Але кожны бок, кожная асоба атрымаюць магчымасць паказаць сваё бачанне даволі складанай сітуацыі, якая ўсцяж пануе ў алімпійскім руху.

– Чаму ўзнікла неабходнасць у такой дыскусіі? 

– Фактычна цяпер мы маем нейкую нявызначанасць з боку МАК і ўсёй міжнароднай спартовай супольнасці наконт удзелу прадстаўнікоў НАК Рэспублікі Беларусь і Алімпійскага камітэту Расеі ў найбліжэйшай Алімпіядзе.

Мы настойваем, што галоўным крытэрыем мусіць стаць адкрытае і публічнае асуджэнне вайны, але МАК пакуль не прыняў такой пастановы. Прычым усе разумеюць, што ваенныя дзеянні не скончацца сёння ці заўтра. Ёсць думкі, што гэта ўсё працягнецца яшчэ даволі доўга: можа, і не год, і не два. І на фоне ўсяго гэтага жаху адбываюцца Алімпійскія гульні.

Разлічваць на нейкае Алімпійскае замірэнне, прадугледжанае Алімпійскай хартыяй, не выпадае. Расея ўжо парушыла яго двойчы: і калі распачала анексію Крыму ў 2014-м, не дачакаўшыся нават заканчэння сочынскіх гульняў, і таксама ў 2022-м, калі ўчыніла поўнамаштабнае ваеннае ўварванне на тэрыторыю Украіны ў перыяд паміж Алімпійскімі і Паралімпійскімі гульнямі ў Пекіне.

Меркаванні
МАК на ростанях. Пытанне пра допуск расейцаў і беларусаў на Гульні-2024 вісіць у паветры
2023.07.28 13:00

Цяпер сітуацыя выглядае так: з аднаго боку – распачаты найбуйнейшы канфлікт у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны, а з іншага – існуе імавернасць спаборніцтваў на адной пляцоўцы атлетаў з усяго свету, у тым ліку з Расеі і Украіны. На гэты момант вельмі цяжка ўявіць умовы, пры якіх МАК мяркуе дапусціць гэта. Але прэцэдэнт, на наш погляд, стварае вельмі спрыяльную глебу для глыбокага канфлікту. Таму мы і ўзяліся абмеркаваць сітуацыю з розных бакоў і з удзелам прадстаўнікоў самых шырокіх колаў.

Мы дапускаем, што МАК можа прасунуць свае пастановы, даць поўны допуск, бо цяпер з 39 алімпійскіх відаў спорту дазвол выступаць, хай сабе і ў нейтральным статусе, адкрылі 26 міжнародных спартовых федэрацыяў. З Міжнародным алімпійскім камітэтам трэба шукаць кампраміс, бо мы разумеем, што наўрад ці там здольныя паступіць радыкальна.

– Як вы лічыце, чаму кіраўніцтва МАК дагэтуль вагаецца, калі, здаецца, усё вакол больш чым зразумела?

– Кіраўнік МАК Томас Бах – узор тыповага чыноўніка, які ведае, што лепей пераседзець, схавацца на нейкі час, пакуль хваля спадзе і ўсё будзе, як і было. Як кожны чыноўнік, ён зацікаўлены, каб гэтая тэма ўвогуле не абмяркоўвалася. Як у нас кажуць, абы ціха. Каб на тэму ўвогуле забыліся. І яны самі з сітуацыі неяк выплывуць. Бах на парозе свайго 70-годдзя, і гэтым таксама можна патлумачыць ягоную пасіўнасць ва ўладкаванні вельмі надзённага пытання. Таму нашая задача – увесь час падтрымліваць тэму, каб чыноўнікі не мелі магчымасці схавацца і ўхіляцца ад адказнасці, ад пастановаў, прыняцце якіх залежыць менавіта ад іх.

Да Алімпіяды засталося 10 месяцаў. Гэты час праляціць проста імгненна, таму калі цяпер не пабуджаць МАК да актыўнейшых дзеянняў, не закідваць пратаколамі міжнародныя спартовыя арганізацыі, што прымаюць пастановы або могуць уплываць на гэтыя  пастановы, то нічога не зменіцца. Мы проста зноў вернемся да сітуацыі, што спорт, маўляў, па-за палітыкай, а не дапусцім толькі тых, хто схадзіў на нейкія дзяржаўныя парады. Але ж у Беларусі такіх увогуле амаль няма. Можа адная-дзве асобы.

Да таго ж, гутарка менавіта цяпер ідзе, нагадаю, не пра падтрыманне-непадтрыманне дыктарскага рэжыму Лукашэнкі, а пра стаўленне да вайны. Калі браць крытэрыі МАК, то ніводзін беларускі спартовец (можа, за выняткам якіх двух атлетаў) не трапляе пад абмежаванні. Могуць ехаць амаль усе, хто выканае кваліфікацыйныя нарматывы.

Тут узнікае пытанне: у чым тады была перавага тых людзей, якія з рызыкаю для жыцця і здароўя выказаліся супраць гвалту і беззаконня ў Беларусі, выступілі супраць вайны, праз гэта трапілі пад палітычны пераслед і шмат страцілі?

Ці возьмем украінскіх спартоўцаў, якія гінуць у складзе ЗСУ або проста не могуць спакойна ўдома рыхтавацца да Алімпіяды пад рэгулярнымі абстрэламі. Яны не на роўных пазіцыях, пры тым, што расейскія атлеты кажуць, быццам усё гэта несправядліва, маўляў, мы нікога не забівалі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Афіцыйная крама Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Парыжы.
Фота: Apaydin Alain / ABACA / Abaca/ East News

– Дарэчы, ці плануеце запрасіць расейскі або беларускі бок? Каб дасягнуць узроўню максімальнай аб’ектыўнасці.

– Беларускі – адразу не! Бо гэта пагражае патэнцыйнаму спікеру крымінальнай адказнасцю. Хаця там, наколькі я ведаю, сочаць вельмі ўважліва за сітуацыяй і запыт на ўдзел быў.

У Расеі, дзе ні Беларускі фонд спартовай салідарнасці, ні «Белсат» не прызнаныя экстрэмістам і ці «іншаагентамі», наўрад ці мы цяпер знойдзем тых, хто гатовы без эмоцыяў, абгрунтавана і канструктыўна абмяркоўваць тэму нядопуску. Тут думкі сярод арганізатараў падзяліліся. Выпрацавалі такі падыход: пакуль фіналізуем спіс спікераў, а потым, ужо разам з усімі зацверджанымі асобамі, узгоднім гэтае пытанне і вызначым, наколькі ўсе гатовыя прымаць аргументы расейцаў. Бо ў нас будуць спікеры з Украіны, для іх гэта можа быць вельмі адчувальна або непрымальна.

– І ўсё ж: што вы прапаноўваеце рабіць беларускім атлетам, якія сапраўды не ўдзельнічалі ў лукашэнкаўска-пуцінскай агрэсіі, не падтрымліваюць дыктатараў у пытанні вайны, але, са зразумелых прычынаў, не могуць выказаць сваёй пазіцыі?

– На маю думку, калі хочаш жыць і выступаць у цывілізаваным свеце, пакуль дазваляе здароўе, трэба перастаць цярпець і баяцца. Сапраўды, беларускі народ не браў удзел у вайне і ставіць беларусаў і расейцаў у адзін шэраг, як гэта часта робяць, вельмі памылкова.

Так, нашую тэрыторыю скарысталі, але самі беларусы нікога з украінцаў не забівалі. Тым больш, беларускія добраахвотнікі цяпер ваююць за Украіну і губляюць свае жыцці за яе свабоду. Таму нашыя суайчыннікі заслужылі іншага стаўлення да сябе ў параўнанні з расейцамі.

Інтэрв’ю
Аляксандр Апейкін: Беларускую каманду на Алімпіяду, магчыма, будзе збіраць Фонд спартовай салідарнасці
2023.02.28 11:15

Падтрыманне ці не падтрыманне вайны – гэта не выступ супраць улады. Ніхто менавіта цяпер не заклікае спартоўцаў ісці на зрынанне рэжыму Лукашэнкі. Першачарговымі мэтамі для актыўных атлетаў цяпер ёсць Алімпіяда і хутчэйшае аднаўленне сваіх стартаў на міжнароднай арэне, пакуль узрост і фізічныя кандыцыі дазваляюць выступаць у вялікім спорце.

Вы (звяртаюся да спартоўцаў) не зробіце ніякага злачынства, калі падыдзеце да кіраўнікоў сваіх федэрацыяў з тым, каб калектыўна падпісаць антываенную дэкларацыю. Гэта абсалютна не ўтрымлівае супрацьпраўных дзеянняў. Нармальная ўмова, якая ўжо выкарыстоўваецца ў многіх, нават міжнародных, федэрацыях.

Спадзяюся, такі ж падыход будзе ўзяты для разгляду і ў МАК. Калі беларусы жадаюць удзельнічаць у Алімпіядзе, яны абавязаныя выказаць сваю калектыўную пазіцыю.

– Вашыя галоўныя спадзяванні і чаканні ад планаванай дыскусіі?

– Мы небеспадстаўна спадзяёмся, што яна стане вельмі цікавай і карыснай. І галоўнае – каб яе высновы пачулі і ў Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтах, і ў Міжнародным алімпійскім камітэце. Каб мы маглі разумець, як нам працаваць далей.

Hавiны
БФСС агучыў умовы ўдзелу спартоўцаў з Беларусі і Расеі ў Алімпіядзе
2022.12.14 16:13

Алесь Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў