Казахстан і Сербія не будуць прызнаваць «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны


У самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспубліках, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях 23 верасня пачаліся так званыя рэферэндумы аб далучэнні да Расеі. Аднак некаторыя краіны ўжо заявілі, што не будуць прызнаваць «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Фота: Авілаў Аляксандр/ Агенцтва гарадскіх навін «Москва»

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Казахстану Айбек Смадыяраў агучыў пазіцыю краіны ў гэтым пытанні, паведамляе казахскі партал Liter.kz:

«Што датычыць правядзення самаабвешчанымі дзяржавамі ЛНР і ДНР і ваеннымі адміністрацыямі Запарожскай і Херсонскай вобласцяў рэферэндумаў аб далучэнні да Расеі, то Казахстан зыходзіць з прынцыпаў тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаваў, іх суверэннай роўнасці і мірнага суіснавання».

Дружалюбная да Расеі Сербія таксама выказала сваю пазіцыю і заявіла, што не будзе прызнаваць псеўдарэферэндумаў, арганізаваных РФ на акупаваных тэрыторыях поўдня і ўсходу Украіны. Пра гэта сказаў міністр замежных справаў Ныкола Сэлакавіч, піша партал «N1».

На пытанне пра «рэферэндумы» Сэлакавіч сказаў, што Сербія, зыходзячы з прынцыпаў міжнароднага права і ўласных інтарэсаў, не можа прызнаць іх вынікаў:

«Па-першае, мы прынцыпова прытрымліваемся прынцыпаў міжнароднага права і Хартыі ААН, па-другое, гэта цалкам супярэчыла б нашым дзяржаўным і нацыянальным інтарэсам і нашай палітыцы захавання тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і прынцыпаў непарушнасці межаў».

Сербія таксама катэгарычна адмаўляецца прызнаць незалежнасць Косава.

Тым часам у Беларусі заявілі, што яшчэ трэба «вывучыць сітуацыю».

«Мы прызнаем Расею. Ніхто не можа дакладна прадказаць, што будзе заўтра. Мы вывучым сітуацыю і прымем рашэнне, згодна з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі, а не з інтарэсамі якой-небудзь іншай краіны», – сказаў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв’ю тэлеканалу «France 24».

Галасаванне пра далучэнне акупаваных тэрыторыяў Украіны да РФ павінна завяршыцца 27 верасня. ЗША ды іншыя краіны Захаду ўжо асудзілі правядзенне рэферэндумаў і заявілі, што не будуць прызнаваць іх вынікаў. У пачатку жніўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі казаў, што ў выпадку правядзення рэферэндумаў на акупаваных украінскіх тэрыторыях Расея страціць магчымасць любых перамоваў з Кіевам.

Hавiны
У Расеі назвалі яўку на «рэферэндумы»: пад 80 % у «ДНР» і «ЛНР», у Запарожжы і Херсоншчыне – каля 50 %
2022.09.25 23:33

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў