Кіраўнік МЗС Польшчы: Вывад вагнэраўцаў з Беларусі не зменшыць небяспекі на мяжы


Кіраўнік Міністэрства замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў лічыць, што пасля вываду наймітаў ПВК Вагнэра з Беларусі сітуацыя з бяспекаю на беларуска-польскай мяжы не зменіцца.

Кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Раў.
Фота: МЗС Польшчы

На думку міністра, ёсць іншыя чыннікі, якія будуць надалей пагражаць бяспецы.

Так, паводле Збігнева Раў, тут «праходзяць беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні. Іх мэта, вядома, – дэстабілізацыя».

Таксама польскі міністр адзначыў, што цяжка ацэньваць аб’ёмы ядравай зброі, якая будзе размешчаная на тэрыторыі нашай краіны.

«Таму з гэтай перспектывы частковая прысутнасць групоўкі Вагнэра ў Беларусі не прынесла сюды шмат, і гэтак жа мала зменіць факт яе вываду ў Расею», – падкрэсліў Збігнеў Раў.

Акрамя таго, ён адзначыў, што ўжо не выклікае сумненняў факт, што пачатак міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы быў «прэлюдыяй да запланаванага ў 2022 годзе ўварвання ва Украіну, а значыць, можна не сумнявацца, што гаворка ішла пра дэстабілізацыю Польшчы».

Нагадаем, што днямі пра тое, што вывад байцоў ПВК Вагнэра мала што зменіць у плане пагрозаў з боку Беларусі, выказаліся прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Паводле польскага прэм’ера, пераход вагнэраўцаў пад непасрэднае кіраўніцтва Пуціна можа выклікаць нават павелічэнне пагрозы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў