«Быў прыхільнікам пераменаў». З’явілася інфармацыя пра мужчыну, які сёлета памёр на Акрэсціна


Пра смерць у ізалятары на Акрэсціна 56-гадовага менчука Андрэя Макарэвіча стала вядома напрыканцы чэрвеня. «Кіберпартызаны» высветлілі падрабязнасці пра асобу загінулага і за што ён мог трапіць у камеру да «палітычных», піша «Наша Ніва».

Андрэй Макарэвіч.
Фота: Андрэй Макарэвіч/Аднакласнікі

Поўны цёзка вядомага спевака, Андрэй Макарэвіч нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Менску. У 1982 годзе, адразу пасля школы, паступіў у мастацкую гарадскую прафесійна-тэхнічную вучэльню і вывучыўся на сталяра-мэбельшчыка. Згодна з яго сацсеткамі і інфармацыі ад «Кіберпартызанаў», ён змяніў шмат працаў.

Андрэй восем гадоў працаваў механікам у рэфрыжэратарным дэпо, два гады сталяром, пару гадоў – у Менскім РНПЦ «Кардыялогія», у розныя часы – вартаўніком і рознарабочым. Апошнім часам мужчына займаўся сталярнымі працамі і зборкай мэблі.

Мужчына быў прыхільнікам пераменаў. Ён быў падпісаны на шмат якія незалежныя медыя, а некаторыя з іх лайкаў на сваёй старонцы ў «Аднакласніках». Гэта і стала прычынай, па якой яго змясцілі ў «палітычную» камеру на Акрэсціна, у якой адміністрацыя стварае невыносныя ўмовы для вязняў. У такіх камерах людзі спяць без матрацаў, не маюць магчымасці атрымліваць з волі перадачы з ежай, рэчамі і медыкаментамі.

У мужчыны ніколі не было сур’ёзных праблем з законам. У базе «Кіберпартызанаў» ёсць толькі два запісы пра парушэнні ім заканадаўства – пераход дарогі ў неўстаноўленым месцы ў 2017-м і безбілетны праезд у 2019-м.

Hавiны
У ізалятары на Акрэсціна памёр зняволены
2023.07.14 00:18

Пра апошнія дні Андрэя на Акрэсціна распавядаў «Новы Час» са спасылкай на ўласную крыніцу.

«Ён быў чалавекам негаманлівым, заўсёды сядзеў у куце, па большай частцы ў камеры спаў, але мне ўдалося з ім трохі пагутарыць. Першапачаткова яго ўзялі за дробны крадзеж: скраў ён пачак пельменяў і ці то хлеб, ці то малако. Нешта такое, каб проста паесці. Працаваў ён ці мэбельшчыкам, ці то абутак рабіў – нейкая простая праца ў яго была. Ён казаў, што працуе, але грошы скончыліся, і давялося яму скрасці ежу. Ён наогул не павінен быў да нас патрапіць, такіх дробных зладзюжак саджаюць на 7-10 содняў у іншыя камеры, да так званых «працоўных», каго выводзяць на працу. Але ў яго ў тэлефоне знайшлі нейкія рэпосты, і ён у выніку сядзеў з намі па палітыцы».

Мужчына быў астматыкам, але выпрошваць інгалятар даводзілася з боем. З цягам часу стан зняволенага пагаршаўся.

«Гэта было ў нядзелю: я прачнуўся, хлопцы стаяць, крычаць, «званіце ў кнопку», – у кожнай камеры ёсць кнопка выкліку «прадольных». Аказалася, што Андрэй устаў, схадзіў у прыбіральню, пайшоў мыць рукі і проста ля ракавіны ўпаў. Наш доктар спрабаваў яго з «прадольнымі» адкачваць, – ён нават добра пра «прадольных» адгукнуўся, яны хацелі штучнае дыханне рабіць. <…> Выклікалі «хуткую», яна прыехала амаль імгненна, хвіліны праз тры пасля выкліку. Але адкачаць Андрэя не ўдалося».

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за часы лукашызму
2023.07.13 08:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў