Лукашэнка заявіў, што беларускія бамбавікі Су-24 гатовыя несці ядравую зброю


Выступаючы на прадпрыемстве БелОМА, якое займаецца оптыкай, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускія тактычныя бамбавікі СУ-24 пераабсталяваныя для нясення ядравай зброі. Гэтае папярэджанне ён адрасаваў Захаду.

Беларускі бамбавік Су-24.
Фота: dic.academic.ru

«Яны [заходнія краіны] павінны разумець, што ніякія верталёты, самалёты, калі яны пойдуць на абвастрэнне, іх не выратуюць. Мы некалі з Пуціным у Піцеры заявілі, што пераабсталюем і беларускія самалёты Су-24 для таго, каб яны маглі несці ядравую зброю. Вы што, думаеце, мы языкамі мянтолім? Усё гатова!» – сказаў Лукашэнка.

У чэрвені Лукашэнка прапанаваў Пуціну зрабіць у вайсковай сферы захады ў адказ на дзеянні Захаду, папрасіўшы дапамагчы мадэрнізаваць самалёты, каб яны маглі несці ядравыя боегалоўкі. Тады ён прасіў прыстасаваць для гэтага Су-35, якіх няма на ўзбраенні ў Беларусі. У адказ Пуцін сказаў, што можна было б пераабсталяваць для такіх мэт штурмавікі Су-25.

У сакавіку Лукашэнка паведамляў, што планы размяшчаць у Беларусі ядравую зброю адсутнічаюць і зазначыў, што ў планах кіраўніцтва краіны і ў ягоных планах «такога ніколі не было».

Цяпер жа ён зноў заявіў, што адкажа Захаду ў выпадку правакацыі:

«Няхай думаюць. Я іх папярэдзіў: не дай бог нейкая сур’ёзная правакацыя супраць Беларусі – цэлі ў нас вызначаныя. Цэнтры прыняцця рашэнняў – мы іх ведаем. Я не пагражаю нікому. […] Калі яны пачнуць ствараць праблемы, можа быць, і горш для Беларусі – адказ будзе імгненным», – дадаў Лукашэнка.

Таксама ён лічыць, што ягоныя пагрозы спрацавалі, і што Польшча ўжо не нагнятае абстаноўку на мяжы, але папракнуў палякаў у будаўніцтве сцяны.

Каментар
Ці здолее Украіна закрыць неба? На 24 жніўня прагназавалі масавыя абстрэлы, а «прылётаў» было няшмат
2022.08.25 20:59

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў