Эксперты пацвердзілі голас Юрыя Караева на запісе з патрабаваннем «прыбіраць»


фота: mvd.gov.by

На запісах, што размясціў «ByPol» у сакавіку 2021 года і снежні 2020-га, беларусаў называюць «тлустымі абывацелямі», а сілавікам ідзе загад «прыбіраць» тых, хто пагражае сілавікам або чыноўнікам. Паводле інфармацыі ад ініцыятывы, на аўдыязапісах – голас былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева.

На другім аўдыязапісе, меркавана, Юрый Караеў называе Сяргея Ціханоўскага «стварэннем» і шкадуе, што яго позна пасадзілі: «Няма на яго артыкулу – трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там!»

«Прававая ініцыятыва» замовіла фанаскапічнае даследаванне аўдыязапісаў. Незалежная экспертыза «ГлавЭксперт» пасля працы спецыяліста Элы Баргаякавай выявіла, што голас на аўдыязапісах адзін і той жа, што і ў арыгінальным інтэрв’ю Караева на тэлебачанні. Таму гэта сапраўды Юрый Караеў. Прыкметаў мантажу на аўдыязапісах няма.

Па выніках экспертызы «Прававая ініцыятыва» зрабіла высновы, паводле якіх справу супраць Сяргея Ціханоўскага рыхтавалі на найвышэйшым дзяржаўным узроўні з прыцягненнем МУС і КДБ, а таксама былі моцна выматаныя 9–13 жніўня 2020-га, таму ўзялі перадышку, каб перагрупавацца.

З пачатку гвалтоўнага здушэння сілавікамі пратэстаў у Беларусі супраць міліцыянтаў і супрацоўнікаў іншых сілавых ведамстваў не завялі ніводнай крымінальнай справы за перавышэнне паўнамоцтваў, катаванні і паводле іншых крымінальных артыкулаў.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў