Дракахруст: ПВК Вагнэра ў Беларусі стварае рэальную пагрозу для чальцоў NATO


З’яўленне ПВК Вагнэра ў Беларусі павышае ўзровень рэальнай пагрозы для краінаў NATO. Польшча і іншыя чальцы Альянсу рэагуюць на гэта досыць сурʼёзна. Пры гэтым найміты ўяўляюць пагрозу і для Лукашэнкі, а сам факт іх знаходжання на тэрыторыі Беларусі парушае лукашэнкаўскую іерархію ўлады. Аб гэтым у інтэрвʼю «Белсату» расказаў палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.

Баявік ПВК Вагнэра (справа) на трэнаванні беларускай тэрытарыяльнай абароны. Асіповіцкі раён, Беларусь. Скрыншот відэа: Мінабароны Беларусі / Telegram

26 ліпеня ў інтэрвʼю «Белсату» Юрый Дракахруст пракаментаваў справаздачу Камітэту па міжнародных справах Палаты грамадаў парламенту Вялікай Брытаніі аб дзейнасці ПВК Вагнэра, у якой утрымліваецца крытыка брытанскага ўраду за адсутнасць яснай стратэгіі барацьбы з гэтай структурай. Таксама ён выказаўся на конт магчымага ўплыву вагнэраўцаў на сітуацыю ўнутры Беларусі.

Што тычыцца рэакцыі брытанскіх парламентарыяў, то важна, чым яна выклікана. ПВК Вагнэра заўсёды стварала пэўную ваенную пагрозу інтарэсам Вялікай Брытаніі і іншых краінаў Захаду ў Афрыцы, Сірыі і апошнім часам ва Украіне, і у названых рэгіёнах «пагроза не стала большай». Аднак відавочна, што брытанскія палітыкі зрэагавалі на нядаўні мяцеж наймітаў у Расеі і іх зʼяўленне на тэрыторыі Беларусі. Паводле Дракахруста, цяпер узброеная групоўка наймітаў базуецца каля межаў Альянсу, і гэты факт зʼяўляецца павышэннем узроўню пагрозы для чальцоў NATO. Аналітык згадаў пра пункт 5 статуту NATO, паводле якога чальцы арганізацыі абавязаныя аказваць ваенную дапамогу саюзнікам у выпадку нападу.

Аналітыка
Навошта ПВК Вагнэра перабазуецца ў Беларусь? Восем галоўных версіяў
2023.07.20 09:00

Знаходжанне ПВК Вагнэра ў Беларусі азначае павышэнне пагрозы вайны для Вялікай Брытаніі, бо павялічылася пагроза для яе саюзнікаў і ў выпадку чаго прыйдзецца ваяваць – канстатуе Дракахруст: «Калі яны там нешта тварылі ў Малі, Сірыі ці нават ва Украіне, гэта не было наўпроставай пагрозай вайны. Цяпер яны апынуліся ў Беларусі, а Беларусь – гэта мяжа з краінамі NATO».

Справаздачам такога ўзроўню папярэднічаюць запыты парламентарыяў да сілавікоў, да міністэрства абароны. Аналітык мяркуе, што месяц таму, пасля мяцяжу і планаў перадыслакацыі вагнэраўцаў у Беларусь, брытанскія парламентарыі запыталіся ў вайскоўцаў на конт таго, што вядома пра гэтых наймітаў.

«Я не думаю, што гэта была рэакцыя на заявы Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу, што вагнэраўцы хочуць у Варшаву ці Жэшуў. Бо існуюць пэўныя працэдуры падрыхтоўкі дакументаў, і яны не такія хуткія, каб учора Лукашэнка нешта сказаў, а сёння брытанскае мінабароны падрыхтавала справаздачу для парламента. А вось за месяц такі дакумент можна падрыхтаваць. І нагода да яго ўзнікла месяц таму», – тлумачыць палітычны аглядальнік.

Таксама Юрый Дракахруст пагадзіўся з тым, што цяпер Беларусь будзе ўспрымацца ў свеце як яшчэ адна крыніца ваеннай пагрозы кшталту КНДР. Такому ўспрыманню садзейнічае і зʼяўленне Групы Вагнэра на беларускай тэрыторыі, і размяшчэнне тактычнай ядравай зброі. Пра апошняе як факт нядаўна заявіла ваенная выведка ЗША. Хаця Беларусі пакуль далёка да КНДР, якая мае ўласную ядравую зброю, у тым ліку і стратэгічную і перыядычна запускае ракеты.

«Беларусь пакуль ядравай зброі нікуды не запускае. Валодае ёй хутчэй за ўсё Пуцін і далей ён будзе яе кантраляваць. Хаця гэта безумоўна змена стратэгічнага балансу ў рэгіёне. Што тычыцца вагнэраўцаў, то тут таксама. І вось гэтыя шчыраванні Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу – гэта лішняе пацверджанне таго, што гэта небяспечна», – сказаў Дракахруст.

Як лічыць аналітык, дадатковую пагрозу стварае нават няпэўнасць адносна таго, каму цяпер вагнэраўцы падпарадкоўваюцца – Лукашэнку, Пуціну ці Прыгожыну: «А можа сапраўды яны без даху? Яны ў сваёй краіне хацелі «а пайдзём на Маскву». Цяпер ім можа ўдарыць у галаву – «а пайдзём на Варшаву». Гэта стварае небяспеку і выклікае перасцярогі».

Ужо ёсць рэакцыя Польшчы, якая ўмацоўвае сваю ўсходнюю мяжу. Ёсць рашэнне саміту NATO, што войскі блока ў Еўропе будуць трымацца ў высокай ступені гатовасці і цягам кароткага часу могуць быць перакінутыя на мяжу. Апроч таго, Польшча выйшла з ініцыятывай стаць часткай натаўскай праграмы размяшчэння ядравай зброі на сваёй тэрыторыі. Паводле апытанняў, гэтая ініцыятыва мае падтрымку большасці польскага грамадства.

«Іншая справа, што амерыканцы на ўсё гэта рэагуюць не вельмі спрыяльна. Яны як раз кажуць, што мы не лічым патрэбным мяняць ядравы баланс у адказ на тое, што Беларусь і Расея змянілі. Але невядома, што будзе сказана заўтра», – падкрэсліў суразмоўца.

Пры гэтым Дракахруст скептычна ставіцца да гіпатэтычнай пагрозы ваеннага перавароту вагнэраўцаў з мэтай змясціць Лукашэнку. Для таго, каб такое здарылася, па меркаванню аналітыка, ня бачна прычынаў і мэты ні для Прыгожына, ні для Пуціна. Нават калі б яны ўзніклі, цяжка спрагназаваць наступствы для Расеі і вагнэраўцаў. Пры гэтым, як адзначае аналітык, пагрозу з боку вагнэраўцаў разумее і Лукашэнка, што ён прадэманстраваў у адказах на нядаўняй прэсавай канферэнцыі для замежных журналістаў.

Для Беларусі ж агулам зʼяўленне ПВК Вагнэра на яе тэрыторыі, як падкрэсліў Дракахруст, зʼяўляецца кепскай справай. Гэта азначае далейшае размыванне рэшткаў законнасці. Найміцтва быццам бы па-за законам, але вось прыехалі найміты і займаюцца баявой падрыхтоўкай, аказваюць паслугі дзяржаве і сілавым структурам. Гэта кепска для Лукашэнкі, бо ўпершыню на тэрыторыі краіны зʼявілася сілавое фармаванне, якое ім не кантралюецца, зʼявіліся найміты, якія выконваюць ваенныя задачы за грошы: «Гэта разбурае філасофскую базу, на якой базуецца дзейсная ў Беларусі ўлада».

Таму аналітык не выключыў, што праз пэўны час Лукашэнка і яго прапаганда могуць адрэагаваць на парушэнні з боку наймітаў. А такія парушэнні будуць – пʼяныя інцыдэнты, розныя дробныя і не вельмі дробныя злачынствы, «такое бывае, калі чужыя вайскоўцы стаяць на тваёй тэрыторыі. Здараюцца і бойкі з мясцовымі хлопцамі, і рабаванні, і згвалтаванні». Лукашэнка можа іх не заўважаць пэўны час, а можа потым сказаць «мы ж вас прынялі ў сябе, а вы сябе кепска паводзіце», і адправіць іх назад. Такі наратыў «праглыне» расейскі электарат, якому такія аргументы зразумелыя. Пакуль жа Беларусь для ПВК Вагнэра, як лічыць Дракахруст, будзе свайго роду базай, «портам прапіскі», а весці сваю дзейнасць найміты, імаверна, будуць у Афрыцы.

Hавiны
Чаты сваякоў: Вагнэраўцы атрымалі адпачынкі і масава вяртаюцца дамоў
2023.07.26 18:08

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў