Шаснаццаты дзень спадар Мікалай трымае «сухую галадоўку».
«Сёння турэмны доктар зноў заявіў, што стан бацькі дазваляе яму ўдзельнічаць у судовых пасяджэннях. Адвакат у чарговы раз заявіла хадайніцтва на агляд бацькі вонкавымі лекарамі, якое натуральна было адхілена. Аналіз крыві, які бралі ў мінулы чацвер, 21 ліпеня, нібыта яшчэ не гатовы.
Тата (пакуль яго вялі на суд) упаў ад слабасці і стукнуўся аб кайданкі. Тата прасіў перадаць, што ён рэальна нічога не ясі і не п’е (а то некаторыя ў здзіўленні як гэта ён яшчэ жывы і што ён падманвае)», – паведаміла дачка.
Падчас судовага паседжання 11 ліпеня Мікалай Аўтуховіч паскардзіўся, што яму перадаюць лісты толькі ад маці. Больш ніякай карэспандэнцыі, у тым ліку газеты, вязень не атрымлівае. У знак пратэсту супраць абмежаванняў у ліставанні Аўтуховіч абвесціў галадоўку.
Суд на Мікалаем Аўтуховічам і яшчэ 11 абвінавачанымі праходзіць у Гарадзенскай турме № 1. Распачаўся працэс 18 траўня. Паводле следства, Аўтуховіч – арганізатар і кіраўнік «злачыннай групоўкі», якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў.
Агулам Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачанне паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»). Паводле гэтага артыкулу Аўтуховічу можа пагражаць смяротнае пакаранне.
Марыя Мурашка belsat.eu