Аднаўленне даху пацярпелага ад пажару касцёлу ў Будславе плануецца пачаць у жніўні. Пра гэта ў эфіры СТВ заявіў упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак.
«Мы спадзяемся, што да канца ліпеня праектная дакументацыя будзе канчаткова дапрацаваная, у жніўні ўжо пачнецца аднаўленне даху Будслаўскага касцёлу. Папярэдне «Галоўдзяржбудэкспертыза» разгледзела праект, маюцца нязначныя заўвагі, якія ў працоўным парадку будуць ліквідаваныя», – сказаў чыноўнік.
20 ліпеня была абнародаваная справаздача па выніках абследавання стану будслаўскай базілікі пасля пажару, які здарыўся ў нацыянальным санктуарыі 11 траўня.
Па выніках абследавання будынку касцёлу спецыялісты адзначылі, што ад уздзеяння высокіх тэмператураў найбольш пацярпелі цагляныя канструкцыі купалу цэнтральнай навы: у ім з’явіліся расколіны, была страчаная верхняя абмазка, пачаў адслойвацца тынк на ўнутранай паверхні.
Тэхнічны стан купалу будслаўскай базілікі прызнаны аварыйным, расколіны ў ім павялічваюцца, і таму трэба зрабіць страховачныя канструкцыі і ўмацаванне.
МГ belsat.eu