У Беларусі пачалі хаваць звесткі пра ўдзельнікаў дзяржзакупаў


На сайце «Удобный город» з’явілася петыцыя з нагоды «грубых парушэнняў пры правядзенні закупаў дзяржпрадпрыемствамі». Яе прычына ў тым, што ў некалькіх дзяржаўных тэндарах, праведзеных у 2022 годзе, схаваныя звесткі пра ўдзельнікаў, з якімі заключаныя дамовы. Гэта адкрытае парушэнне закону.

Працаўнікі «Інтэгралу».
Фота: integral.by

«Паводле дзейных правілаў, любая ўгода, якую ажыццяўляе дзяржаўнае прадпрыемства пры закупе паслугаў або тавараў праз тэндар, мусіць быць адкрытай: без такога падыходу немагчыма кантраляваць, як выдаткоўваюцца бюджэтныя грошы. Акрамя таго, заканадаўства адназначна патрабуе, каб закупы за кошт уласных сродкаў прадпрыемствамі, маёмасць якіх застаецца ў рэспубліканскай уласнасці, таксама былі адкрытыя. Бо, фактычна, гэтыя прадпрыемствы належаць грамадзянам краіны (нам з вамі) і мы маем поўнае права ведаць, як і куды трацяцца нашы грошы», – тлумачыць «Удобный город».

Але з нядаўняга часу гэтыя правілы пачалі ігнараваць. Гэтак, ААТ «АГАТ – сістэмы кіравання» паводле двух закупаў схавала звесткі пра ўдзельнікаў працэдуры, з якімі заключылі дамовы. Аналагічна зрабіла і ААТ «Інтэграл».

«Хутчэй за ўсё, у гэтых закупах хаваюць сувязі, паводле якіх можна будзе прасачыць закуп падсанкцыйных тавараў. Важна разумець, што гэткія прэцэдэнты, фактычна, легалізуюць «шэры» рынак. І калі гэта працягнецца, неўзабаве дзяржпрадпрыемствы будуць прадаваць «нешта» і «кудысьці», а закупы рабіць у «патрэбных людзей», – мяркуюць юрысты ініцыятывы.

Аўтары петыцыі патрабуюць праверыць дзейнасць арганізацыяў, што хаваюць звесткі, ды прыцягнуць да адказнасці вінаватых, а таксама тых, хто мусіў кантраляваць правамернасць правядзення гэтых тэндараў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў