Новыя палітвязні і разгляд скаргі на прысуд Дзмітрыева. Рэпрэсіі за 26 чэрвеня


«Белсат» працягвае расказваць пра рэпрэсіі беларусаў рэжымам Лукашэнкі. Падрыхтавалі падборку самых заўважных фактаў палітычнага пераследу і звязаных з ім з’яў і падзей за 26 чэрвеня.

У Беларусі 7 новых палітвязняў. Гэта Патрыцыя Свіціна, Яўген Грынькоў, Андрэй Кастко, Анастасія Сергіеня, Аляксей Краснагір, Антон Скварчэўскі, Галымжан Бахіраў. Цяпер у краіне 1501 чалавек лічыцца палітычным зняволеным.

Палітыку Андрэю Дзмітрыеву пакінулі прысуд у сіле. Раней сузаснавальніка і сустаршыню аб’яднання «Говори правду» асудзілі да 2 гадоў калоніі паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). 23 чэрвеня ў Менгарсудзе разглядзелі апеляцыйную скаргу палітвязня. Суддзя Анжэла Касцюкевіч пакінула прысуд у сіле, а скаргу – без задавальнення.

Андрэй Дзмітрыеў у судзе.
Фота: «Вясна» / Telegram / viasna96

У Полацку ўладальніцу кветкавага бізнесу Таццяну Кандрацкую аштрафавалі на 120 базавых велічынь (4 440 рублёў). У яе сацыяльных сетках міліцыянты знайшлі выявы сцяга Украіны і іншыя малюнкі на тэму расейскага нападу, а таксама рэпосты з інфармацыйных рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі». Яе абвінавацілі паводле двух артыкулаў: 24.23 КаАП («Незаконнае пікетаванне») і 19.11 КаАП («Распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі»). Жанчына выхоўвае дваіх дзяцей.

У судзе Дзяржынску да «хатняй хіміі» асудзілі Наталлю і Мікалая Губіных. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») за ўдзел у адным з маршаў у 2020 годзе. Мужчыну асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі», а жанчыну – на год «хатняй хіміі». Абодва прызналі віну.

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі «Рускага Добраахвотніцкага Корпуса» і «Легіёна “Свабода Расеі”». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Заводскага раёну Менску 16 чэрвеня.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў