Мужчына ўжываў алкаголь, разглядаў патроны, глядзеў навіны пра вайну ва Украіне, а затым заснуў. А калі прачнуўся – патэлефанаваў у міліцыю і падзяліўся тым, што прысніў. У выніку на яго завялі крымінальную справу і асудзілі.
Справу разглядаў суддзя Сяргей Кухацкавалец з суда Івацэвіцкана раёну – цікава, што ў афіцыйных дакументах прозвішча суддзі схавалі, але нам удалося яго высветліць. Судовы працэс адбываўся на пачатку чэрвеня. Мясцовага жыхара асудзілі паводле ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэксу – незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.
Згодна з матэрыяламі справы, жыхар Івацэвіцкага раёну незаконна набыў 4 вінтовачныя паляўнічыя патроны, паклаў у скрынку, дзе былі яшчэ 23 паляўнічыя палімерныя патроны, ды прыбраў усё ў шафу – ён хацеў здаць патроны ў міліцыю, але забыўся пра іх. Разам са знаёмым мужчына выпіваў, а на камп’ютары ўключаў навіны аб ваеннай аперацыі ва Украіне.
Заўважым, што беларускі Следчы камітэт у афіцыйных дакументах называе вайну ва Украіне ваеннай аперацыяй, як гэта робіць краіна-агрэсар – Расея.
Пакуль жа вернемся да матэрыялаў крымінальнай справы. Пасля таго, як знаёмы сышоў, мужчына ў стане моцнага алкагольнага ап’янення, наглядзеўшыся навінаў пра вайну, дастаў патроны і пачаў іх разглядаць, некаторыя патроны рассыпаліся. Мужчына заснуў і прысніў, што ў ягонай хаце стукнулі дзверы, да яго зайшлі два мужчыны ў камуфляжы, папрасілі вады і сказалі, што ідуць здавацца.
Тады наш герой прачнуўся і, не разумеючы, што спаў, патэлефанаваў у міліцыю ды расказаў пра наведнікаў. Да мужчыны выехала міліцыя, але тым часам ён зразумеў, што ўсё прысніў. Аднак супрацоўнікі міліцыі ўбачылі раскіданыя па хаце патроны і выклікалі следчых. У выніку крымінальную справу перадалі ў суд, які пастанавіў: прыгаварыць вінаватага да 1,5 года папраўчых работаў з утрыманнем 10 % заробку. Асуджаны цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся.
АЛ belsat.eu