Супраць дырэктара Dev.by распачалі крымінальную справу


Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што на дырэктара «Дэў Бай Медыя» Віталя Андроса заведзеная крымінальная справа.

Паводле якога артыкулу распачатая справа – невядома. У праўладных каналах Андроса вінавацяць у тым, што ён «падбухторваў людзей на дзяржпераварот» і рэпосціў «NEXTA».

Дырэктар «Дэў Бай Медыя» Віталь Андрос і ягоная жонка, бухгалтарка Алена Андрос, былі затрыманыя 23 чэрвеня. У тэлеграм-каналах сілавікоў з’явілася «пакаяннае» відэа з Віталём. У роліку мужчына сцвярджае, што ў жніўні 2020-га браў удзел у пратэстах, падпісаны на прызнаныя «экстрэмісцкімі» тэлеграм-каналы і быў зарэгістраваны ў плане «Перамога».

  • Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. За гэты час ва ўсёй краіне следчыя органы распачалі больш за 5000 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. На дзень 26 чэрвеня 2022 года праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі 1214 асобаў.
  • З лета 2020 года тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, каля 41 000 асобаў былі затрыманыя. Згодна з рознымі ацэнкамі, у выніку палітыкі дзяржаўнага тэрору загінулі ад 4 да 20 асобаў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы іншадумцаў да адказнасці нікога не прыцягнулі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў