Моцная залева ў Менску, затрыманні на трыятлоне і здарэнне ля амбасады РФ. Галоўнае за 26 чэрвеня


Belsat.eu падводзіць вынікі 26 чэрвеня – 322-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Моцная залева ў Менску

Залева ў Менску, 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: minsk.mchs.gov.by

Ад 18.00 да 19.00 у Менску выпала амаль траціна сярэднямесячнай нормы ападкаў. Былі падтопленыя розныя ўчасткі дарог на поўдні і паўднёвым захадзе гораду, быў абмежаваны рух 8 тралейбусных і 11 аўтобусных маршрутаў грамадскага транспарту, паведамілі ў МНС. З легкавога і грамадскага транспарту, а таксама з падвальных памяшканняў і падтопленых тэрыторыяў быў эвакуяваны 91 чалавек, з іх 19 дзяцей. На вуліцы Люцынскай людзей эвакуявалі пры дапамозе лодкі МНС.

Мяркуючы па ўсім, больш за іншыя ад дажджу пацярпелі мікрараёны Сухарава, Каменная Горка і Уручча.

Дождж залівае транспарт і нават крамы.

Сёння ў краіне быў абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. Заўтра ў начныя і ранішнія гадзіны на большай частцы Беларусі таксама чакаюць навальніцы, у некаторых раёнах – моцныя ліўні, шквалістае ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с.

Затрыманні на трыятлоне

У першай палове дня 26 чэрвеня ў Менску ладзілі трыятлон: спаборніцтвы ў плаванні, бегу і яздзе на роварах. Дзеля правядзення гонкі перакрывалі праспекты Машэрава і Пераможцаў. Некаторых раварыстаў затрымалі сілавікі.

Telegram-канал менскай міліцыі сцвярджае, што тры затрыманыя мужчыны «дэманстратыўна выкрыквалі лозунгі пратэставага кшталту». Праўда, на відэа сведкаў, якія трапілі ў сеціва, выкрыкаў не чуваць.

Аўтамабіль пратараніў браму амбасады РФ

Увечары 26 чэрвеня ў браму амбасады РФ у Менску ўрэзаўся легкавы аўтамабіль «Форд».

Паводле УДАІ ГУУС Менгарвыканкаму, 35-гадовы мужчына на аўтамабілі «Форд» на поўным ходзе ўехаў у браму амбасады, выбег з машыны і пералез праз плот на тэрыторыю прадстаўніцтва. Там ён быў затрыманы. Паводле папярэдняй інфармацыі, парушальнік падчас здарэння знаходзіўся ў стане наркатычнага апʼянення.

На месцы здарэння працуе міліцыя і сапёры.

Пажар у цягніку

На прыпынку Баяры ў Маладзечанскім раёне 26 чэрвеня ў 11:40 загарэўся электрацягнік.

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведамляе, што пацярпелых. У 12:18 пажар быў ліквідаваны ратавальнікам, на месцы здарэння працавалі чатыры адзінкі тэхнікі.

TUT.by адзначае, што пасажыры каля трох гадзінаў былі вымушаныя заставацца на станцыі Баяры, толькі каля 14:40 яны змаглі працягнуць рух. Паводле Onliner, Беларуская чыгунка арганізавала перасадку пасажыраў. Пры гэтым графік руху іншых цягнікоў інцыдэнт не паўплываў.

Hавiны
Родныя зняволенай у «справе Аўтуховіча»: Маму катуюць у СІЗА, каб яна прызналася ў злачынствах, да якіх не мае дачынення
2021.06.26 23:03

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў