«Рынак суцэль актыўны». Цэны на кватэры ў Беларусі пайшлі ўгору


У Менску з леташняга лістапада, калі адбыўся найбуйнейшы за апошнія гады абвал цэнаў на жытло, квадратны метр падаражэў на 15 % (з 1138 да 1317 долараў), сведчаць звесткі парталу realt.by. Апошнім часам кватэры выраслі ў цане ўва ўсіх абласных цэнтрах, акрамя Горадні. Расцэнкі на рынку нерухомасці – у матэрыяле «Белсату».

Жылы комплекс «Малая радзіма» ў Заводскім раёне сталіцы. Менск, Беларусь. 24 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

У першым квартале ў Менску былі аформленыя 3099 угодаў куплі-продажу кватэраў. Гэта на 0,4 % меней, калі параўноўваць з першым кварталам летась, падлічыла Нацыянальнае кадастравае агенцтва.

У абласных цэнтрах гандаль ішоў больш жвава, калі глядзець у дынаміцы: за студзень – сакавік падпісалі 2370 дамоваў, што на 9,1 % болей год да года. Самым актыўным стаўся Гомель (628 угодаў), меней за ўсё пагадненняў зарэгістравалі ў Магілёве (363).

Hавiны
Прадалі кватэр на трэць менш. Што адбываецца на рынку жылля ў Менску і абласных цэнтрах
2023.04.21 23:23

Менская дарагоўля

У Менску ў леташнім лістападзе адбыўся найбуйнейшы з 2017 года абвал цэнаў на кватэры: за квадратны метр прасілі ў сярэднім 1138 долараў, сведчаць звесткі парталу realt.by. З таго часу квадратны метр падаражэў да 1317 долараў (плюс 15 %). У сярэднім аднапакаёўка цяпер каштуе 50 200 долараў, двухпакаёўка – 65 000, трохпакаёўка – 90 000. Для параўнання: у лістападзе за аднапакаёвыя кватэры прасілі 36 800 долараў (рост з таго часу – 37 %), за двухпакаёвыя – 55 300 (18 %), за трохпакаёвыя – 77 200 (17 %).

Рыэлтары кажуць, што рынак нерухомасці ў сталіцы цяпер суцэль актыўны, асабліва другасны. Рэгіструюцца ўгоды, пра якія пачалі дамаўляцца яшчэ ў красавіку. Адноснае зацішша назіраецца на рынку новабудоўляў: чакаюць зніжак ад забудоўнікаў. Можна прагназаваць, што ў траўні аформяць не менш за 1400 угодаў (у красавіку было 1509).

Гарадзенскі дысконт

У Горадні прадаўцы жытла, відаць, любяць таргавацца і не саромеюцца выстаўляць завышаныя цэны. У красавіку квадратны метр каштаваў у сярэднім 793 долары (максімум за 7 гадоў), аднак аналіз рэальных угодаў сведчыць, што адзін квадратны метр абыходзіўся ў выніку на 100 долараў танней.

З пачатку года квадратны метр стаўся таннейшым пакупнікам на 2,4 %.

У сярэднім аднапакаёўкі ў Горадні каштуюць 29 000 долараў, двухпакаёўкі – 34 000, трохпакаёўкі – 45 000.

Берасцейскія скачкі

У Берасці, як і ў Горадні, прадаўцы выставілі максімальныя за 7 гадоў цэны: у красавіку ў сярэднім 866 долараў за квадратны метр. Пры гэтым паводле аформленых угодаў квадратны метр штарміла: у студзені – 808 долараў, у лютым – 792, а ў красавіку – 831.

Квадратны метр у першым квартале падаражэў для пакупнікоў на 2,9 %.

За аднапакаёвыя кватэры ў Берасці просяць 31 500 долараў, за двухпакаёвыя – 39 500, за трохпакаёвыя – 48 500. Тут самае дарагое жытло ў параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі.

Гомельскі серадняк

Гомельская нерухомасць таксама вырасла ў цане да 7-гадовых максімумаў. У красавіку за квадратны метр прасілі 704 долары, а прадавалі за 660. З пачатку года ён падаражэў на 3,5 %.

Аднапакаёўкі ў Гомлі каштуюць у сярэднім 20 000 долараў (мінімум сярод абласных цэнтраў), двухпакаёўкі – 29 500, трохпакаёўкі – 38 500.

Магілёўскі максімум

У Магілёве кошт квадратнага метра ў красавіку склаў 690 долараў паводле прапановаў і 662 долары паводле аформленых дамоваў. Цана не сягала такіх паказнікаў з верасня 2015 года. У першым квартале сёлета квадратны метр падаражэў на 5 % (максімальны сярод абласных цэнтраў рост).

Засяліцца ў аднапакаёўку ў Магілёве можна за 24 000, у двухпакаёўку – за 29 000, у трохпакаёўку – за 36 500 долараў.

Віцебская таннасць

У Віцебску з пачатку года квадратны метр для пакупнікоў падаражэў на 4 %: у студзені было 636 долараў, у красавіку – 662. Пры гэтым прадаўцы за квадратны метр прасілі ў студзені 642 долары, а ў красавіку – 690. Паказнік цяпер на максімуме з лістапада 2015 года.

Аднапакаёвыя кватэры каштуюць у сярэднім 22 000 долараў, двухпакаёвыя – 28 000 (мінімум сярод абласных цэнтраў), трохпакаёвыя – 35 500 (таксама самая нізкая цана).

Меркаванні
Купляць? Трымаць? Прадаваць? Што рабіць з нерухомасцю ў Беларусі
2023.04.19 12:28

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» сказала, што цэны падштурхоўвае попыт, які крыху павялічыўся. А попыт вырас, бо праз зніжэнне стаўкі рэфінансавання крэдыты робяцца больш даступнымі:

«Мяркую, што асноўнаю прычынаю росту можа быць паляпшэнне ўмоваў крэдытавання. За апошнія месяцы мы назіраем зніжэнне ставак крэдытаў. Гэта пашырае магчымасці для куплі кватэры. Плюс на дынаміку магло паўплываць зніжэнне коштаў летась».

Пры гэтым эканамістка адзначыла: сёлета попыт не такі вялікі, як летась, таму нельга казаць, што кошты на жытло растуць цяпер неяк празмерна.

Каментар
Стымулююць ВУП – разгоняць цэны. Эканаміст папярэдзіў пра наступствы зніжэння стаўкі рэфінансавання ў Беларусі
2023.05.24 07:31

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў