Беларусы і палякі Беластоку выйшлі на акцыю салідарнасці з Анджэем Пачобутам


Беларусы і палякі 26 траўня прыйшлі да Консульства Беларусі ў Беластоку, каб выказаць салідарнасць з Анджэем Пачобутам. У гэты дзень Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў апеляцыйную скаргу палітвязня і журналіста, якому прысудзілі 8 гадоў калоніі.

Акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам у Беластоку.
Фота: Белсат

У няволі Анджэй Пачобут, прадстаўнік польскай меншасці ў Беларусі ўжо больш за два гады. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года пасля ператрусу ў доме. З таго часу журналіст пабываў у СІЗА Менску, Жодзіна і Горадні. Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, яго змяшчалі ў карцар. Таксама яму фактычна блакуюць перапіску, асабліва на польскай мове.

У самым цэнтры Беластоку ў скверы Ежы Папалушкі стаіць вялікі партрэт Анджэя, раней каля яго збіраліся людзі на акцыі салідарнасці, праводзіліся выставы, гэтым разам людзі прыйшлі да Консульства Беларусі.

Акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам у Беластоку.
Фота: Белсат

Удзельнікі трымалі партрэты Пачобута і іншых палітвязняў, нацыянальныя сцягі Беларусі і Польшчы. Яны патрабавалі вызвалення Анджэя і іншых схопленых у палон у Беларусі.

«Мы прыйшлі на гэтую акцыю, бо апеляцыя на была задаволена, і Анджэй Пачобут будзе вымушаны адбываць тэрмін пакарання – восем гадоў. Так, гэта было чакана, бо на працягу двух апошніх гадоў, напэўна, не было, каб якая апеляцыі была б задаволеная. А мы спадзяваліся на нейкі цуд, нейкі збег абставінаў, на жаль, гэтага не адбывалася», – кажа ў размове з «Белсатам» паплечнік Анджэя журналіст Ян Роман.

Прадстаўнікі польскіх уладаў ужо заявілі, што маюць намер увесці новыя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі. Пытаемся, чаму лёс Анджэя такі важны для Польшчы.

«Пачобут прадстаўнік польскай меншасці, а Польшча заўсёды абараняе людзей польскай нацыянальнасці», – звяртае ўвагу Ян Роман.

Акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам у Беластоку.
Фота: Белсат

Намеснік старшыня Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі кажа, што прыйдзе час у вуліцы ў Беларусі і Польшчы будуць названыя імем Анджэя Пачобута.

«Гэта абсурд, але такія рэаліі ў Беларусі, наш паплечнік застаецца ў калоніі. Былі вялікія сумневы, што сённяшняя ўлада ў Беларусі можа каго вызваліць, але была надзея, хаця б на скарачэння выраку. Анджэй адзін з лідараў польская меншасці і мы ганарымся, што маем такога калегу, ён прыклад для ўсіх», – кажа Марэк Занеўскі.

Акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам у Беластоку.
Фота: Белсат

Марыя Цішкоўская, былая дырэктарка грамадскай школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску, сама правяла некалькі месяцаў у СІЗА і была вызваленая дзякуючы працы польскіх уладаў. Цяпер яна не размаўляе са СМІ, але на акцыі ледзь стрымліваючы слёзы заявіла:

«Сёння дзень маці, і ў гэты дзень такое страшнае рашэнне датычнае Анджэя, цяпер ён не можа абняць сваю маці, але вельмі спадзяюся, што маці Анджэя дачакаецца яго. У мяне больш няма слоў», – сказала Марыя Цішкоўская.

Нагадаем, 26 траўня, пасля таго, як стала вядома, што Вярхоўны суд адмовіў у задавальненні касацыйнай скаргі палітвязня Анджэя Пачобута, Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы анансавала новыя санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнка. Санкцыі Польшча агучыць 29 траўня.

Hавiны
Вярхоўны Суд пакінуў без зменаў прысуд Анджэю Пачобуту
2023.05.26 17:06

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў