24-ыя ў свеце ў росце цэнаў. Да якой мяжы ў Беларусі будзе даражэць паліва для аўтаў


З пачатку гэтага года «Белнафтахім» 13 разоў падвышаў цэны. Летась паліва на аўтазаправачных станцыях даражэла на адну капейку, але сёлета дзяржаўны манапаліст падымае цэны адразу на дзве капейкі. І за пяць першых сёлетніх месяцаў бензін у нашай краіне падаражэў на 26 капеек.

АЗС «Беларуснафта» на праспекце Незалежнасці.
Фота: АВ / Белсат

Цэны на паліва ў нашай краіне сёлета ўжо выраслі на 26 капеек. Амаль кожны тыдзень, пачынаючы з 28 лютага, «Белнафтахім» паведамляў пра «змены» цэнаў. За словамі пра змены хаваецца менавіта падаражэнне. За пяць сёлетніх месяцаў паліва падаражэла на тую суму, на якую летась ці пазалетась яно даражэла цягам года.

Эканаміст Яраслаў Раманчук у размове з «Белсатам» кажа, што імклівы рост цэнаў на паліва ў Беларусі – наступства адсутнасці рынкавай эканомікі ў краіне. Дзяржава можа рэгуляваць курсы, бо дзяржпрадпрыемства манапалізавала рынак.

«З увагі на тое, што ўзнікаюць дзіры ў бюджэце, чыноўнікі шукаюць грошы. А найбольш шырокая база для падаткаабкладання – гэта паліва, сувязь, камунальныя паслугі. Таму праз павышэнне цэнаў улады і будуць вырашаць свае пытанні», – кажа эканаміст.

Hавiны
У Беларусі зноў падаражэла аўтамабільнае паліва
2022.05.24 09:52

Эканаміст Леў Марголін, у сваю чаргу, выказвае думку, што ў справе сталага росту цэнаў на паліва ўлады краіны адразу ж прасоўваюць тактычную і стратэгічную мэту.

«Калі казаць тактычна, то летась паліва даражэла на адну капейчыну. Сёлета іншая сітуацыя. У лютым-сакавіку сёлета, калі курс беларускага рубля абваліўся, падаражэнне на дзве капейкі стала выглядаць і не так ужо страшна. Але курс рубля вярнуўся да даваенных паказнікаў, а сітуацыя не мяняецца. Мне падаецца, што ўлады проста не хочуць мяняць тактыку, паколькі грамадства ўспрымае рост цэнаў больш-менш спакойна. Калі ж будуць нейкія стыхійныя выступы, то могуць ізноў вярнуцца да росту цэнаў на капейку, а могуць і нейкі перапынак зрабіць. Магчымае нават, як летась было адзін раз, змяншэнне цэнаў на дзве капейкі», – мяркуе Леў Марголін.

Мужчына запраўляе аўтамабіль на АЗС «Беларуснафта» на праспекце Незалежнасці.
Фота: АВ / Белсат

А што да стратэгічных мэтаў, то ўлады імкнуцца зрабіць цэны на паліва такімі ж, як і ў заходніх краінах-суседках.

«Цэны на паліва ў нашай краіне пакуль меншыя, чым у заходніх і паўночных суседзяў, а гэта проста не дае спакою нашай уладзе. Яны не думаюць пра тое, як суадносяцца цэны на паліва з заробкамі ці пенсіямі беларусаў. Ім падаецца, што можна выраўняць да ўзроўню еўрапейскага, і яны атрымаюць дадатковыя грошы не толькі для нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, але і для дзяржавы агулам», – выказвае думку эканаміст.

Пры гэтым улады сапраўды часта спекулююць на тэму паліўных цэнаў. Паводле аўтарытэтнага рэсурсу GlobalPetrolPrices, у Беларусі – самае таннае дызельнае паліва сярод краінаў Еўропы. У цэлым свеце нашая дзяржава на 24-м месцы паводле коштаў на бензін. Але ў пераліку на сярэдні заробак беларусы могуць купіць ледзь не ў два разы меней паліва, чым грамадзяне Літвы, Расеі, ці Польшчы.

Колькасць паліва, што могуць набыць грамадзяне за сярэдні заробак. Інфаграфіка: Белсат

Рост цэнаў на паліва выклікае інфляцыю

Рост цэнаў на паліва даволі істотна адбіваецца і на тым, што раскручваецца махавік інфляцыі. Бензін і дызель, нагадвае эканаміст Леў Марголін, – гэта той прадукт, які ўплывае на інфляцыю больш за ўсё, бо яго выкарыстоўваюць у гандлі, вясковай гаспадарцы, будоўлі ды гэтак далей. Таму чыноўнікі добра разумеюць наступствы «зменаў» цэнаў на паліва.

«Дадатковыя грошы, якія атрымліваюць перапрацоўнікі нафты, для дзяржавы больш важныя, чым самая інфляцыя. Я думаю, што чыноўнікі лічаць і робяць нейкі выбар, што для іх добра, а што небяспечна. Але, на жаль, з грамадзянамі краіны яны сваймі разлікамі і думкамі не лічаць вартым дзяліцца», – кажа эканаміст.

Hавiны
Запуск другога энергаблоку БелАЭС запланаваны на 2022 год
2022.05.11 13:48

Яраслаў Раманчук таксама дадае, што ў існых умовах інфляцыя для чыноўнікаў – гэта вельмі добрая магчымасць выканаць намінальны бюджэт. Таму калі цэны растуць, гэта толькі спрыяе выкананню запланаваных паказнікаў, бо павялічвае паступленні. Несумненна, адзначае эканаміст, гэта архаічная, аджылая эканамічная палітыка. Але ва ўмовах манаполіі і адсутнасці канкурэнцыі змяніць сітуацыю нельга. Людзі вымушаныя згаджацца з такімі захадамі.

Зрэшты, чаканні чыноўнікаў таксама не заўсёды спраўджваюцца, паколькі здаровы сэнс перамагае. У якасці прыкладу Яраслаў Раманчук нагадвае пра бензастанцыі каля мяжы, на якіх пастанавілі падняць цэны, каб паліва было прыкладна на 20 % таннейшае, чым у Літве.

«Чыноўнікі меркавалі, што гэта добрыя цэны, і тут будзе попыт. А на АЗС пойдуць вялікія грошы, якія трапяць у бюджэт. Але для замежнікаў гэта не вельмі прыбыткова. Бо жыхары з памежжа краінаў ЕЗ пралічваюць, каб паездка была рэнтабельнай. Падлічваюць выдаткі, кошты на харчы, нешта набываюць тут, запраўляюцца палівам і вяртаюцца дадому. А калі няма асаблівай выгады, то ніхто і не будзе сюды ехаць», – кажа эканаміст.

І сапраўды, цяпер на гэтых АЗС няма такой колькасці наведнікаў, як раней. Замежнікі выбіраюць іншыя АЗС і запраўляцца таннейшым палівам.

Hавiны
Прыпамежныя АЗС будуць прадаваць дызельнае паліва па падвышаным кошце для фур з еўрапейскімі нумарамі
2022.05.19 12:16

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў