Вітольда Ашурка пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам. Відэа

Памерлага за кратамі палітвязня Вітольда Ашурка пахавалі 26 траўня ў яго роднай Бярозаўцы. Тыя хто прыйшоў развітацца з ім, маглі бачыць, што на галаве і шыі Вітольда відаць значныя пашкоджанні.

На развітанні прысутнічалі шмат ягоных паплечнікаў з Бярозаўкі, Ліды ды ваколіцаў, нямала людзей прыехала і з Менску. Сярод прысутных былі заўважаныя прадстаўнікі амбасадаў ЗША і краінаў Еўразвязу.

Пасля грамадзянскага развітання ў рытуальнай залі труну пранеслі да дому Вітольда, дзе з ім развіталіся суседзі. Адтуль працэсія рушыла да касцёлу, мінаючы шклозавод «Неман», на якім шмат год працаваў Вітольд. Некаторыя працаўнікі заводу выйшлі да прахадной каб развітацца з былым калегам.

У Бярозаўцы прайшло развітанне з Вітольдам Ашуркам

Касцёл сустрэў працэсію званамі. Калі труну заносілі ў касцёл, прысутныя ўзнялі рукі з сімвалам «V» – «вікторыя», «перамога».

Пасля развітальнай імшы, працэсія скіравалася на могілкі, дзе святар прачытаў апошнія малітвы. Маці загінулага моцна галасіла. Брат узяў слова, сказаўшы, што Вітольд прасіў, што калі памрэ, каб яго пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам. У той жа момант разгарнулі сцяг і накрылі цела ў труне.

Прысутныя выгукнулі «Жыве Беларусь!» і заспявалі «Магутны Божа».

«Сумленне было ягоным сцягам, які ён годна нёс праз жыццё». Пра Вітольда Ашурка распавядаюць сябры

Хто такі Вітольд Ашурак

У палітыцы Вітольд ужо 10 гадоў, і за гэты час ён прайшоў праз шмат што: былі і затрыманні, і арышты, і штрафы. Ён вядомы тым, што злавіў улады на забруджванні рэк Дзітва і Нёман (актывіст звяртаўся ў пракуратуру з патрабаваннем завесці крымінальную справу і знайсці вінаватых у забруджванні рэк улетку 2019 года, калі ў іх злілі нечыстоты з тэрыторыі Лідскай ЖКГ), змагаўся супраць будаўніцтва другога цэху шклаваты ў Бярозаўцы (26 красавіка 2020 года ён выйшаў на адзіночны пікет да прахадной заводу «Нёман» з плакатам «Шклавата – наш Чарнобыль»), быў адным з ініцыятараў усталявання памятных знакаў у гонар паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, праводзіў розныя акцыі ў Бярозаўцы, удзельнічаў у маршы на Дзень Волі, акцыі памяці паўстанцаў Каліноўскага, маршы недармаедаў супраць Дэкрэту № 3. У 2016 годзе быў зарэгістраваны прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат па Дзятлаўскай акрузе, а ў 2019 вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Нёманскай выбарчай акрузе № 56.

Вітольд Ашурак вядомы таксама сваімі крэатыўнымі акцыямі. Так, 7 лістапада 2017 года актывіст усклаў да помніку Леніну ў Бярозаўцы вянок з чарапамі і надпісам «Гары ў пекле, кат». Ён тады патлумачыў журналістам, што зрабіў гэта, каб нагадаць пра мільёны людзей, якіх забілі бальшавікі. У снежні 2019 года Вітольд Ашурак ладзіў адзіночны пікет у Лідзе супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Накінуўшы на плечы бел-чырвона-белы сцяг, ён трымаў у руках плакат з надпісам «Беларусь не Расея».

Пра смерць Вітольда Ашурка стала вядома яшчэ 21 траўня, але цела аддалі толькі 25-га. Першапачаткова прычынай смерці называлі проста «спыненне сэрца», але жонка кажа, што сэрца ў Вітольда было здаровае. Следчы камітэт публікаваў відэа, на якім нібыта Вітольд (твару на відэа не бачна) падае і б’ецца галавой у камеры шклоўскай калоніі, пасля яму перавязваюць галаву і пакідаюць аднаго – ён падае яшчэ раз і памірае.

АЛ belsat.eu

Hавiны