«Віной таму стаў Следчы камітэт». Падлетак скончыў жыццё самагубствам


Увечары 25 траўня ў Менску 17-гадовы падлетак Дзмітрый Стахоўскі скончыў жыццё самагубствам, скочыўшы з 16-павярховага дому, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Дзмітрый Стахоўскі.
Фота: Дима Меркулов / Вконтакте

Следчы камітэт пазней пацвердзіў, што 18-гадовага менчука знайшлі мёртвым «з прыкметамі падзення з вышыні» 26 траўня каля 1.45 ночы блізу дома на вуліцы Кірылы Тураўскага ў Менску. Следчыя заяўляюць, што ў крыві хлопца нібыта выявілі 2,4 праміле алкаголю, што адпавядае ўмеранаму алкагольнаму ап’яненню. Следчыя таксама прызналі, што юнак быў падазраваным у крымінальнай справе аб «масавых беспарадках», але заявіў, што «ўсе следчыя дзеянні з яго ўдзелам праводзіліся выключна з захаваннем нормаў дзейнага заканадаўства і ў прысутнасці абаронцы».

Вядома, што маладзён быў фігурантам крымінальнай справы за ўдзел у «масавых беспарадках» 9–11 жніўня 2020 года. У перадсмяротнай запісцы, якую ён пакінуў у «Вконтакте», хлопец кажа, што не вытрымлівае ціску з боку следчых і быў вымушаны пайсці на такі крок:

«Віной таму стаў Следчы камітэт. Ужо не сакрэт, што ў мяне быў крымінальны артыкул 293 ч. 2. Калі сцісла, за мітынгі. Калі б на мяне не працягвалі маральна ціснуць, думаю, я б не наважыўся на такі жудасны ўчынак, як суіцыд. Але мае сілы былі сканчаліся. І як вы можаце бачыць, я не справіўся. Так, мне шмат хто казаў, не перажывай, усё будзе добра. Не думай пра дрэннае. Дрэнныя думкі прэч. Аднак лёгка гаварыць пакуль сам не трапіш у такі стан», – напісаў падлетак.

Скрыншот старонкі Дзімы Стахоўскага / Вконтакте

Вядома, што Дзмітрый быў сіратой і жыў у інтэрнаце. Праваабаронцы паведамляюць, што менавіта супрацоўнікі гэтага інтэрнату паказалі на хлопца як на ўдзельніка акцыяў пратэсту, пасля чаго ён стаў фігурантам крымінальнай справы.

Вядома, што ўдзень 25 траўня юнак быў на допыце ў гэтай справе.

Святлана Ціханоўская ўжо выказалася з нагоды смерці Дзмітрыя:

«Рэжым працягвае забіваць людзей. Без разбору: і пратэстуючых на вуліцах, і ганарлівых вязняў сумлення, і такіх, як Дзіма – які яшчэ нядаўна будаваў планы на будучыню і не хацеў паміраць.

Мы ўжо не можам выратаваць Дзіму. Але мы павінны выратаваць 9 мільёнаў беларусаў, мы павінны выратаваць сябе як нацыю. Каб такі жах не паўтарыўся больш ніколі».

АД, belsat.eu

Стужка навінаў