Сябры Сафіі Сапегі назвалі трызненнем інфармацыю пра рэдактарства каналу «Чёрная книга Беларуси»


25 траўня праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з Сафіяй Сапегай, у якім яна назвала сябе рэдактаркаю каналу «Чёрная книга Беларуси», у якім публікуюцца асабістыя звесткі сілавікоў. Блізкія сябры і знаёмыя дзяўчыны ў размове з «Белсатам» гэтую інфармацыю зняпраўдзілі.

«Гэта нейкае трызненне, каб Сафія і дэананімізацыяй займалася», – кажа аднагрупнік дзяўчыны.

Хлопец вельмі балюча ўспрыняў навіну пра затрыманне каляжанкі. Ён апісвае Сафію як ветлівую і выхаваную асобу.

«Яна любіла маляваць, цікавілася модай і філасофіяй Марціна Гайдэгера. З Ромай яны разам дзесьці паўгода, можа, і крыху больш. Яны пазнаёміліся ў бары ў Вільні, пасля таго як ён прыехаў працаваць сюды. Складана сказаць пра палітыку, яна нарадзілася ва Уладзівастоку, дзяцінства правяла ў Беларусі, а пасля заканчэння школы з’ехала ў Вільню. На мой погляд, яна хутчэй грамадзянка свету, чым той, хто актыўна ўлазіць у нейкую палітыку».

Трызненнем інфармацыю пра дачыненне Сафіі да тэлеграм-каналу называюць і дзве сяброўкі Сафіі.

«Я нічога пра гэта не ведала і ніколі не чула, я ніколі не чула пра ейную нейкую палітычную дзейнасць», – распавядае Кацярына Шафрановіч, якая з Сафіяй вучыцца разам ужо пяць гадоў.

Маці Сафіі Ганна Дудзіч у размове з журналістамі RT сказала, што шакаваная і ніколі не чула, каб ейная дачка магла мець дачыненне да каналу.

«Я дзясяты раз праглядаю гэтае відэа і не разумею, што яна кажа. Я не разумею ўвогуле, што адбываецца. Якая «Чёрная книга», Сафія? Ці я заблыталася, ці гэта сон, ці гэта падстава».

Выданне «Новая Газета» са спасылкай на свае крыніцы сцвярджае, што запіс Сафіі быў інсцэнізаванай аператыўнай здымкай, а ў прысутнасці адваката дзяўчына не давала паказанняў пра адміністраванне тэлеграм-каналу.

Між тым расейскі грамадскі дзеяч Максім Кац стварыў петыцыю з патрабаваннем вызваліць Сафію Сапегу.

Hавiны
Што вядома пра дзяўчыну Рамана Пратасевіча, якую затрымалі разам з ім у менскім аэрапорце
2021.05.24 18:31
  • 25 траўня стала вядома, што Сафію арыштавалі на два месяцы і перавялі ў СІЗА КДБ. Дзяўчыну падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
  • Сафія Сапега грамадзянка Расеі. Яе затрымалі разам з Раманам Пратасевічам пасля экстранай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair. Лайнер ляцеў з Афінаў у Вільню і прызямліўся ў Беларусі праз паведамленні беларускіх дыспетчараў пра мінаванне борту. Паведамленне аказалася ілжывым, да пасадкі самалёт суправаджаў знішчальнік МіГ-29.

ДР/ГР belsat.eu

Стужка навінаў