Блогер Максім Кац перадаў у МЗС Расеі звароты ў падтрымку зняволенай у Беларусі Сафіі Сапегі


Вядомы ў Беларусі расейскі палітычны блогер і актывіст Максім Кац расказаў, што 26 траўня аднёс у расейскае Міністэрства замежных справаў першую партыю зваротаў грамадзянаў з просьбай абараніць Сафію Сапегу – грамадзянку Расеі, затрыманую ў Беларусі разам з ейным сябрам, журналістам Раманам Пратасевічам.

Сафія Сапега.
Фота: sapega_sofia_ / Instagram

Як паведамляе Максім Кац, за першы дзень збору набралася звыш 2500 подпісаў. Стос не прынялі, бо праз каронавірус у міністэрстве адмовіліся ад асабістага прыёму звароту. Таму звароты выслалі па пошце – яны маюць дайсці за пару дзён.

Кац падкрэслівае, што такія звароты, кожны з якіх на асобным аркушы, гэта не петыцыя на Change.org, якую ўлады могуць праігнараваць, а афіцыйны зварот грамадзяніна, на які абавязаныя даць зварот. Але падпісаць такі ліст грамадзяне Расеі могуць і онлайн.

Затрыманне Сафіі Сапегі Кац называе выкраданнем з самалёта. У звароце Расею просяць абараніць сваю грамадзянку згодна Канстытуцыі.

Сафію Сапегу – сяброўку зняволенага журналіста Рамана Пратасевіча, якую разам з ім затрымалі пасля перанакіравання ў Менск самалёта «Ryanair» – праваабаронцы Беларусі прызналі палітычнай зняволенай. Сафію падазраюць у «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ). Яна грамадзянка Расеі. Праўладныя каналы публікавалі відэа, дзе яна «прызнавалася» ў вядзенні Telegram-каналу «Чёрная книга Беларуси», аднак блізкія сябры і знаёмыя дзяўчыны ў размове з «Белсатам» гэтую інфармацыю зняпраўдзілі.

Hавiны
Што вядома пра дзяўчыну Рамана Пратасевіча, якую затрымалі разам з ім у менскім аэрапорце
2021.05.24 18:31

Максім Кац выдаваў шмат відэа пра Беларусь і беларускі пратэст цягам 2020 году, меў у пэўны момант 45% аўдыторыі з Беларусі – а ягоны канал на Youtube мае амаль 800 тысяч падпісантаў, шэраг відэа мае звыш мільёна праглядаў. Пасля восені 2020 года ён амаль перастаў выдаваць асобныя відэа пра Беларусь, аднак цяпер вярнуўся да беларускай тэмы. Учора ён прысвяціў беларускім падзеям 50-хвілінную перадачу, а ў сённяшнім відэа тлумачыў, чаму Расеі не трэба падтрымліваць рэжым Лукашэнкі.

Стужка навінаў