Суды над паэтамі, настаўнікамі і дактарамі навук. Хроніка рэпрэсій 26 красавіка


«Белсат» штодня сочыць за тым, як разгортваецца машына рэпрэсій у Беларусі. Сёння мы прыводзім падборку фактаў, звязаных з пераследам іншадумцаў у краіне за 26 красавіка.

Стала вядома, што 3 траўня адбудзецца суд над праграмістам Андрэем Філіпчыкам, адміністратарам тэлеграм-канала «Па-беларуску», у якім публікаваліся жарты і мемы на беларускай мове. Паводле словаў ГУБАЗіКа, на канале прасоўваліся «лацінка і нянавісць да рускамоўнай сацыякультурнай прасторы». Хлопца абвінавачваюць у «актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу).

Таксама 26 красавіка стала вядома, што ўжо больш за месяц знаходзіцца за кратамі вядомы музыка, былы фронтмэн гурту Hurma, аўтар песень Мікіта Найдзёнаў. Яго абвінавачваюць па «народным», 342 арыткуле Крымінальнага кодэксу за ўдзел у пратэстах 2020 года.

Мікіта Найдзёнаў. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

26 красавіка стала вядома, што магілёўскага прафесара і доктара сацыялагічных навук Юрыя Бубнова абвінавачваюць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу – 367 паклёп на Лукашэнку і 368 абраза Лукашэнкі. Загадчыка кафедры затрымалі 12 студзеня прама падчас працы ва ўніверсітэце. Ягоную справу пачнуць разглядаць 4 траўня ў магілёўскім судзе.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, быў затрыманы адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў Аляксей Бародка. Затрыманне адбылося яшчэ напрыканцы студзеня. Зараз адвакат знаходзіцца ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. На дадзены момант незразумела, якія абвінавачанні выстаўляюцца Аляксею. Але пры гэтым вядома, што 21 красавіка 2023 года яго пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.

Адзін год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі») атрымаў 5 красавіка Аляксей Гулін па артыкуле 370 Крымінальнага кодэксу (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Паводле абвінавачання, мужчына ў стане алкагольнага ап’янення зламаў дрэўка з чырвона-зялёным сцягам, якое пасля кінуў на зямлю. Тым самы ён нанёс маёмасную шкоду памерам у 2 рублі 53 капейкі.

26 красавіка ў Менскім гарадскім судзе разглядалася справа Сяргея Франчука – стрыечнага брата намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Яго абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (частка 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу), абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369), распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы (частка 1 артыкула 130), а таксама ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх (частка 1 артыкула 342 КК). Дзяржаўны абвінаваўца просіць для яго тры гады калоніі.

26 красавіка адбылося затрыманне мужчыны за тое, што ў ягонай машыне знаходзіліся невялікія сцяжкі Украіны і Беларусі. Як сцвярджае ГУБАЗіК, данёс на мужчыну «неабыякавы грамадзянін». Выданне «Наша Ніва» высветліла, што затрыманы – гэта 45-гадовы Валерый Жыгадла.

Яшчэ адно затрыманне «за сцяг» адбылося ў Гомлі. Непаўналетні хлопец Глеб Шамрэеў быў схоплены за тое, што спаліў чырвона-зялёны сцяг. На пакаяльным відэа, ён сцвярджае, што рабіў гэта ў стане алкагольнага ап’янення.

Таксама ў гэты дзень адбыўся суд над дзіцячым паэтам і выкладчыкам прыватнай школы «Смарт Скул» Дзмітрыем Юртаевым. Яму ставяць у віну абразу Лукашэнкі (частка 1 артыкула 368) і распальванне іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы (частка 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу). Згодна з абвінавачаннем, Дзмітрый «па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, наўмысна, з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі, выказваючы нянавісць да супрацоўнікаў сілавых структур, размясціў на сваёй старонцы ў Facebook 22 публікацыі супраць прадстаўнікоў улады і сілавых органаў». Тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру «Вясна» прыводзіць фрагмент з аднаго з ягоных допісаў: «Калі пойдзем моўчкі ў печы? Бо стаім ужо ў чэргах ля аўтазакаў і не супраціўляемся фашыстам…»

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў