280 беларусаў не змаглі легалізавацца ў Літве праз падтрымку вайны


Паводле інфармацыі партала «Зеркало», з пачатку года ў Літве не змаглі атрымаць легалізацыю 280 беларусаў, бо яны падтрымліваюць вайну Расеі ва Украіне, а таксама называюць Крым расейскім.

Пра гэта ў прыватнай размове журналістам расказала глава Дэпартаменту міграцыі МУС Літвы Эвеліна Гудзініскайце.

Як вядома, анкету з пытаннямі аб стаўленні да вайны і статусе Крыму запаўняюць усе грамадзяне Беларусі і Расеі, якія хочуць атрымаць дакумент, што пацвярджае іх легальнае знаходжанне на тэрыторыі Літвы. Паводле словаў Гудзініскайце, часта гэта людзі, якія пераязджаюць для таго, каб працаваць у краіне. На яе думку, такая іх пазіцыя ёсць уплывам беларускай і расейскай прапаганды.

Паводле дадзеных літоўскіх дзяржаўных структураў, беларусы маюць найбольшую дыяспару сярод замежнікаў, якія пражываюць у Вільні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца фота: delfi.lt

На сённяшні дзень з 600 тысячаў чалавек, што пражываюць у літоўскай сталіцы, 70 тысячаў – гэта замежнікі. Пры гэтым больш 23 тысячы з іх – гэта беларусы.

У цэлым ад пачатку года ў Літву пераехала амаль 300 грамадзянаў Беларусі. У асноўным, як адзначаецца, яны рэлакаваліся ўслед за сваімі кампаніямі.

Найбольшая колькасць нашых суайчыннікаў прыехала ў краіну-суседку пасля жніўня 2020 года, другая, яшчэ большая хваля, назіралася пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.

Раман Шавель belsat.eu

 

Стужка навінаў